Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 158

Невядомы

У “сухой рэшце” ў Гайдэгера й Мэрло-Панці ідэя “складкі існага” пазытыўна пераадольвае (чытай: “здымае” — А.Г.) ранейшы зьмест панятку “інтэнцыяльнасьць”, зацьвярджаючы яго ў новым вымеры: “Бачнае” й “Раскрытае” не рэпрэзэнтуюць нам прадмету бачаньня без таго, каб не забясьпечыць нам таксама й прадмету гаварэньня: складка канстытуе элемэнт бачаньня, які бачыць самога сябе, толькі ў тым выпадку, калі яна адначасна фармуе й элемэнт мовы, які прамаўляе сам сябе,— да тае кропкі, дзе яшчэ прысутнічае сьвет, які прамаўляе сябе ў мове й бачыць сябе ў зроку. “Сьвет” (канцэпцыя “бачнага й нябачнага” Мэрла-Панці) адкрывае нам прамаўленьне разам са зрокам, як калі б сэнс суправаджаўся бачаньнем, якое само па сабе паведамляла б сэнс.

Ад канцэпцыі Гайдэгера — Мэрла-Панці сутнасна адрозьніваецца адзінатэмная мадэль Фуко. Згодна з Фуко, быцьцё сьвету ёсьць бачнасьцю; а быцьцё мовы зьяўляецца ў рэчаіснасьці толькі сукупнасьцю выказваньняў. У межах такога разуменьня ідэі “складкі” прынцыпова ня можа захавацца ідэя інтэнцыяльнасьці: апошняя руйнуецца падчас расколу, разьяднаньня двух кампанэнтаў веды (не інтэнцыяльнага ў прынцыпе). “Бачнае” й “артыкуляванае” ў Фуко “пераплятаюцца”, але не празь “зьліцьцё”, а праз скон: інтэнцыяльнасьць як “зваротная й памнажальная ў абодвух кірунках” (Фуко) ня здольна канстытуяваць тапалёгіі “складкі”.

У эўрапейскай філязофіі пачатку 21 ст. панятак “складка” паўстае ў наступных іпастасях:

1. Пераадольвае традыцыйную схему клясычнай філязофскай традыцыі, якая лічыла адрозьненьне: а) вынікам актыўнасьці самаідэнтычнага суб’екту; б) сутнасьцю, што не ўплывае на яго; в) не зьмяняе гэтага суб’екту. Выкарыстаньне ж панятку “складка” раскрывае як нешта “цэлае”працэдуру станаўленьня суб’екту, а тэму суб’ектывацыі рэпрэзэнтуе праз сэмантычныя фігуры “падваеньня”, “двайніка” й г.д.

2. Канстытуе новую трактоўку суб’ектыўнасьці (у адрозьненьне ад клясычнай зададзенасьці трансцэндэнтальнага Я), якая выяўляецца праз гістарычныя практыкі суб’ектывацыі, здымаючы тым самым традыцыйныя бінарныя апазыцыі “Я — Іншы”, “Іншае — Тоеснае”, “Свой — Чужы”; апошнія сыстэмна замяняюцца на ўнівэрсальную схему, якая, у якасьці скрайняй, акцэнтуе апазыцыю Зьнешняга (бесстароньняга да індывідуальных жыцьця й сьмерці) і Ўнутранага як складкі Зьнешняга, яго “загіну”, падваеньня.

3. Схоплівае, фіксуе, узнаўляе момант пэрманэнтнай рухомасьці лініі Зьнешняга й канстытуяваньня Ўнутранага як выніку працэсу “выгінаньня-складаньня” Зьнешняга, падобнага да “зморшчынаў на паверхні вады”. Так, у Фуко: “…Зьнешняе не фіксавана мяжой, але ёсьць рухомая матэрыя, ажыўленая пэрыстальтычнымі рухамі, складкамі й зьвілінамі, якія разам утвараюць Унутранае; яны — зьнешняе, але ўнутранае Зьнешняга; думка прыходзіць са Зьнешняга, застаецца прывязанай да яго, але не запаўняе Ўнутранага як элемэнт, пра які думка не павінна й ня можа падумаць… непамыснае не зьяўляецца зьнешнім адносна думкі, але палягае ў сярэдзіне яе, як тая немагчымасьць мысьленьня, якая падвойвае й выдзёўбвае Зьнешняе…”.