Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 157

Невядомы

Трансфармацыя ідэі “складка” й ейная эвалюцыя ў тэкстава-аформленую й эўрыстычна значную парадыгму ажыцьцяўлялася ў кантэксьце (зацьверджанай да сярэдзіны 20 ст. у заходнеэўрапейскай філязофіі) ідэі пра своеасаблівую “звыш-абумоўленасьць” чалавечага бачаньня сьвету. Зьнешне несупярэчлівую канцэптуальную традыцыю тлумачэньня “складкі” (Гайдэгер — Мэрло-Панці—Дэлёз) правамоцна разглядаць наступным чынам: успрымаючы “нешта”, мы ўжо валодаем прэзумпцыйнай ведай адносна таго, што менавіта мы ўспрымаем. Чалавек ніколі не разглядае сьвет “наўпрост” (беспасярэдне), але заўсёды толькі праз пасярэдніцтва Іншага. Ажыцьцяўляючы змушаны манэўр, мы фіксуем наяўнасьць вызначаных межаў нашага ўласнага ўспрыманьня, якія пераадольваюцца з дапамогай таго пэрцэптуальнага патэнцыялу, якім валодае Іншы. У “бачным” заўсёды прысутнічае тое, што “бачыцца”, у “чутным” — тое, што “чуецца”; у “кранальным” — тое, чаго “кранаюцца”; апошнія элемэнты пералічаных дыядаў (тое, што “бачыцца” й г.д.— А.Г.) заўсёды зваротным чынам узьдзейнічаюць на першыя, дапаўняючы іх і робячы рэальна магчымымі. Зваротны бок сьвету спасьцігаецца чалавекам з дапомогаю Іншага, але спасьцігаецца ў віртуальнай (а не ў актуальнай) праяве: у выглядзе “складкі”.

Паводле Гайдэгера — Мэрло-Панці — Дэлёза, “Іншы” (які пастолькі там, паколькі ён — тут) канстытуе спараджанае пэрцэптуальным “люфтам” цэльнае (кшталту рызомнага перапляценьня) поле ўзаемазваротных пазыцый. У межах такой высокай абстракцыі й шматмернай інтэрпрэтацыі “Іншы” страчвае ўласную антрапаморфнасьць, і пра яго, у прынцыпе, недапушчальна разважаць у фігурах “суб’екту” й “аб’екту”, “глыбіні” й “паверхні”, “фігуры” й “фону”, “далёкага” й “блізкага”. Іншы й ёсьць умовай разрозьненьня ўсіх гэтых структур ведаў і ўспрыманьня, “складкай-у-сабе”, зыходным разрывам у структуры быцьця, які “амальгамуе” разарванае паміж сабой.

Паводле схемы тлумачэньня Дэлёза, “я гляджу на аб’ект, пасьля адварочваюся, я дазваляю яму зноў зьліцца з фонам, між тым, як зь яго паўстае новы аб’ект маёй увагі. Калі гэты новы аб’ект мяне ня раніць, калі ён ня б’е мяне з моцай снараду (як бывае, калі натыкаесься на штосьці, чаго ня бачыў), дык толькі таму, што першы аб’ект выдаў суцэльным скроенем тое месца, дзе я ўжо адчуваў, што там знаходзіцца перадіснаваньне наступных віртуальнасьцяў і палёў патэнцыйнасьцяў, якія, як я ўжо ведаў, здольны актуалізоўвацца. І вось гэтая самая веда, ці пачуцьцё маргінальнага існаваньня, магчымае толькі дзякуючы іншаму”.

У кантэксьце сваёй гіпотэзы пра падставы для разуменьня сутнасьці фігуры “цела—цялеснасьць” Мэрла-Панці сьцьвярджаў, што мы валодаем “актуальна функцыянальным целам” толькі дзякуючы таму, што “Іншы” адкрывае нам наша патэнцыйнае цела, згінаючы першае ў другое, злучаючы іх “складкай”: “гэта прорва паміж маёй правай рукой, якую я кранаю маёй левай, паміж маім чутным голасам і маім голасам артыкуляваным, паміж адным момантам майго тактыльнага жыцьця й наступным ня ёсьць онталягічнай пустэчай, нябытам: ён запаўняецца дзякуючы татальнаму быцьцю майго цела, і празь яго — сьвету, гэты падобны да нулявога ціску патэнцыял паміж дзьвюма цьвёрдымі целамі ўзьдзейнічае на іх такім чынам, што яны ўціскаюцца адно ў адно”.