Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 156

Невядомы

Надалей тэкст меў бы набыць характар пакарочанай энтымемы, калі можна ўявіць сабе падобны аксюмарон. Мы ж тут проста трохі падсумуем.

Усе прыгаданыя маскі-вызначэньні дэканструкцыі не даюць наўпростага адказу на паўсталыя пытаньні пра сэнс ды функцыі акрэсьленага прадпрыемства, але ж тое й ня іхная задача. Пастуляваная адвольнасьць не дае пэўнага ды адмысловага абгрунтаваньня праекту, бо, перадусім, з рацыянальнага ён перарастае ў маральны ды эстэтычны выбар, што не паддаецца генэралізацыям якога-кольвек кшталту й можа разглядацца адно як адвечнае патрабаваньне бараніць уласную свабоду, калі нават і ад сябе. Рух дэканструкцыі можа быць несупынным, а можа застыгнуць падобна да зэнонавай стралы ў залежнасьці ад часу, лёсу ды міжвольнасьці абраньня.

2001 г.

“Складка” як падставовая канструкцыя сучаснага філязафаваньня

Сыстэмную сэмантычную распрацоўку панятку “складка” (pli) як шматзначнай славаформы ўпершыню ажыцьцявіў Ж.Дэлёз. Паводле францускага філёзафа, складка — гэта “адрозьненьне”, “згіб, які розьніць” і які, разам з тым, “сам можа быць адрозьнены”. У кантэксьце патэнцыйна-магчымых трактовак гэтага панятку Дэлёз абыгрывае зьвязаныя зь ім словы pliessement, plisser, ploir, depli, repli; нямецкае Zwiefalt, а таксама ангельскае fold, якія значаць складка, складчатасьць, зьвіліна, згіб, загін, разгібаньне й інш. Зь ім таксама зьвязаны тэрмін “двайнік” і блізкія яму “падваеньне”, “адлюстраваньне”, “узаеманакладаньне” й інш.

Згодна з Дэлёзам, “…ідэальны згіб (Pli) зьяўляецца Zwiefalt, згібам які розьніць і розьніцца. Паколькі Гайдэгер спасылаецца на Zwiefalt як на розьніцу, што розьніць, то варта было б, перш за ўсё, зазначыць, што разрозьненьне выяўляецца не ў апазыцыі з папярэдняй яму неразрознасьцю, а ў суаднесенасьці з Разрозьненьнем (Difference), якое не перастае адгінаць і зноў згібаць кожны з двух бакоў і якое адгінаючы адно, паўторна згінае іншае, у адной коэкстэнсіўнасьці схову й адкрыцьця Быцьця, прысутнасьці й адсутнасьці існага. ...Згібаньне стаецца бясконцай апэрацыяй — адін згіб пераходзіць у іншы й г.д.… Згіб у згібе, зьнешняе ёсьць унутраным, выгнутае — гэта згіб увогнутага. Па-за ідэалізаванымі апэрацыямі згібаньня, зь якіх можна пабудаваць і малы і вялікі сьветы, не існуе нічога. Але ў Гайдэгера ўздыманьне (згіб-разрыў) не ідэнтычнае згінаньню як бясконцай апэрацыі, яно не пракладае шляху ўсё новым і новым згібам і разрывам, а адкрывае твор, які стаіць на зямлі: храм, дом, карціна, кніга…”

На думку Гайдэгера, трактоўка інтэнцыяльнасьці як адносінаў паміж сьвядомасьцю й ейным аб’ектам пераадольваецца праз ідэю “складкі Быцьця” на працягу наступных філязафічных паваротаў: ад інтэнцыяльнасьці — да “складкі”, ад фэнамэналёгіі — да онталёгіі, ад існага — да быцьця. Згодна з бачаньнем Гайдэгера, онталёгія неаддзельная ад “складкі”, бо быцьцё ёсьць “складкай”, якую яно ўтварае з існым; а раскрыцьцё Быцьця якраз і ёсьць канстытуяваньнем “складкі”.