Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 148

Невядомы

У прасторы мысьленьня, зададзенай постмадэрнізмам, канстытуяваньне якой-кольвечы карціны рэальнасьці магчымае толькі двума шляхамі: альбо праз сымуляцыю, альбо праз адвольнае абстрактнае мадэляваньне рэальнасьці як прынцыпова нон-фінальнай (безвыніковай) працэсуальнасьці. Постмадэрновае бачаньне сьвету здымае самую магчымасьць пастаноўкі праблемы пазнаньня як эксплікацыі глыбіннага сэнсу аб’екту (быцьця ў цэлым).

Рэфарматарская пазыцыя постмадэрновай філязофіі адносна разуменьня дэтэрмінізму, якая прадугледжвае нелінейную інтэрпрэтацыю, таксама мае сваім наступствам радыкальную крытыку мэтафізыкі як заснаванай на ідэях зыходнай упарадкаванасьці быцьця, наяўнасьці ў яго іманэнтнага сэнсу, які пасьлядоўна разгортваецца ў эвалюцыі сьвету й можа быць (з прычыны сваёй рацыянальнай прыроды) рэканструяваны праз інтэлектуальнае кагнітыўнае намаганьне.

Дадзеныя працэсы прынцыпова аналягічныя тым, якія сёньня маюць месца ў сфэры прыродазнаўчага пазнаньня. Так, аналізуючы пераход сучаснай навукі да новага бачаньня сьвету, сынэргетыка зазначае, што “прыродазнаўчыя навукі пазбыліся сьляпой веры ў рацыянальнае як нешта замкнёнае” (Прыгожын І., Стэнгерс І.).

Такім чынам, філязофія постмадэрнізму фактычна адмаўляецца ад традыцыйнага для клясычнай эўрапейскай філязофіі ўспрыманьня мэтафізыкі як парадыгмы інтэрпрэтацыі рэальнасьці ў духу дэдуктыўнага рацыяналізму, які дазваляе канстытуяваць унівэрсальна-рацыянальную карціну сьвету (артыкуляваць онталёгію як мэтафізыку).

Фактычна выступаючы з праграмай стварэньня мэтадалёгіі нелінейных дынамік, постмадэрнізм ажыцьцяўляе радыкальнае адмаўленьне ад ідэі лінейнасьці й традыцыйна злучанай зь ёй ідэі адназначнай, празрыстай адносна сэнсу й прадказальнай рацыянальнасьці, выяўленай у панятку лёгасу: як піша Ж.Дэрыда, “што да лінеарнасьці, дык для мяне яна заўсёды асацыявалася зь лёгацэнтрызмам”.

Такім чынам, выкладзенае вышэй дазваляе зрабіць наступныя высновы:

1. Сучасная культурная сытуацыя можа разглядацца як транзытыўная (гаворка ідзе пра пераход лінейных уяўленьняў аб дэтэрмінацыйных адносінах — да нелінейных); гэты пераход выяўляе сябе як у прыродазнаўчай, гэтак і ў гуманітарнай праекцыях — сынэргетыка й постмадэрнізм зьяўляюцца найбольш пасьлядоўнымі выразьнікамі гэтага пераходу — адпаведна — у сфэрах навукі й філязофіі;

2. Абагульняючы ўстаноўкі сучаснай філязофіі й сучаснага прыродазнаўства, можна сьцьвярджаць, што, у адрозьненьне ад парадыгмы лінейнага дэтэрмінізму, уласьцівай папярэдняй стадыі разьвіцьця культуры, парадыгма дэтэрмінізму нелінейнага тыпу абапіраецца на наступныя прэзумпцыі:

а) працэс разьвіцьця мысьліцца не як пераемна пасьлядоўны пераход ад аднае стадыі разьвіцьця сыстэмы да наступнай, а як непрадказальная зьмена станаў, кожны з якіх не зьяўляецца ні наступствам папярэдняга, ні прычынай наступнага станаў (у сынэргетыцы — ідэя біфуркацыйных пераходаў; у постмадэрновай філязофіі — ідэя разгалінаваньня падзейных сэрыяў, канцэпцыя “слова-партманэ” й г.д.);

б) нелінейная дынаміка не дазваляе інтэрпрэтаваць той ці іншы стан сыстэмы як вынік прагрэсу ці рэгрэсу ейнага зыходнага стану, што зьяўляецца адмовай ад ідэі філіяцыі й немагчымасьцю трактоўкі працэсу ў якасьці эвалюцыйнага (у сынэргетыцы — разуменьне зыходнага стану сыстэмы ў якасьці хаатычнага “асяродзьдзя”; у філязофіі постмадэрнізму — прэзумпцыя “пустога знаку”, “цела бяз органаў”, неабмежаванасьці-”хьюбрыс” як зыходнага стану разгляданай прадметнасьці);