Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 146

Невядомы

Ня менш значнай зьяўляецца для постмадэрновай філязофіі й ідэя неэлімінаванай выпадковасьці, і ня менш вострай у сувязі з гэтым зьяўляецца постмадэрновая крытыка клясычнага тыпу рацыянальнасьці, якая бачыць у фэномэне выпадку прадукт суб’ектыўнай кагнітыўнай недастатковасьці. Калі заснаваная на ідэі лінейнасьці клясычная традыцыя, згодна з постмадэрновай ацэнкай, спрабуе перадухіліць самую ідэю выпадковай, непрадказальнай флуктацыі, якая разрывае лінейнасьць эвалюцыі, то сам постмадэрнізм экспліцытна скіраваны на пераасэнсаваньне статусу выпадковасьці. Як піша М.Фуко, “несумнеўна, што… цяпер ужо немагчыма ўсталёўваць сувязі мэханічнай прычыннасьці ці ідэальнай неабходнасьці. Трэба пагадзіцца на тое, каб увесьці непрадказальную выпадковасьць у якасьці катэгорыі пры разглядзе прадукаваньня падзеяў”.

У межах пазначанага разуменьня дэтэрмінацыйных залежнасьцяў, відавочна, ня можа быць канстытуявана ідэя магчымасьці адназначнага прагнозу адносна будучых станаў сыстэмы, зыходзячы зь ейнага наяўнага стану. Так, напрыклад, Р.Барт, пасьлядоўна праводзячы ідэю нелінейнасьці, фіксуе ў дачыненьні да тэксту тыя абставіны, што магчымыя сэмантычныя вэрсіі ягонага прачытаньня, як і “гульня пісьма”, зьяўляюцца прынцыпова непрадказальнымі. Паводле Р.Барта, “Тэкст ня варта разумець як нешта вылічальнае”, а праблема інтэрпрэтацыі тэксту зьяўляецца прынцыпова “невырашальнай”, пры гэтым “невырашальнасьць — гэта ня слабасьць, а структурная ўмова апавяданьня: выказваньне ня можа быць дэтэрмінавана адным голасам, адным сэнсам… Сутнасьць пісьма й ёсьць у тым, што зыходная кропка, першакрыніца, рухальная прычына (адзіная й самавідавочная прычына лінейнага дэтэрмінізму — М.М.) страчана”, замест усяго гэтага паўстае нейкі аб’ём індэтэрмінацыяў ці звышдэтэрмінацыяў — уласна, гэты аб’ём індэтэрмінацыяў і ёсьць азначваньнем”.

Разам з тым, постмадэрнізм далёкі ад канчатковага адмаўленьня лінейнай вэрсіі дэтэрмінізму — вядзецца гаворка толькі пра пазбаўленьне яго статусу татальнасьці. Так, канцэпцыя Ж.Дэлёза адкрытая для інтэрпрэтацыі ў кантэксьце сфармуляванай сынэргетыкай мадэлі суаднясеньня гэтак званых “дэтэрміністычных” і “індэтэрміністычных” частак самаарганізацыйнага працэсу: сэнс і нонсэнс як дзьве розныя, але аднолькава неабходныя межы быцьця суадносяцца, паводле Ж.Дэлёза, такім жа чынам, як лінейныя й нелінейныя “ўчасткі працэсу” ў І.Прыгожына, г.зн. узаемна вылучаючы й адначасова дапаўняючы адзін аднаго.

3. Нэадэтэрмінізм і канец “імпэрыі Лёгаса”: фэномэн постмэтафізычнага мысьленьня

Акрэсьленая пазыцыя як сынэргетыкі, гэтак і постмадэрновай філязофіі адносна разуменьня дэтэрмінізму мае сваім наступствам радыкальную крытыку мэтафізыкі як заснаванай на ідэях зыходнай упарадкаванасьці быцьця, наяўнасьці ў яго іманэнтнага сэнсу, які паступова разгортваўся ў эвалюцыі сьвету й можа быць (з прычыны сваёй рацыянальнай прыроды) рэканструяваны інтэлектуальным кагнітыўным намаганьнем. Уся заходняя традыцыя разглядаецца постмадэрнізмам як татальна лёгацэнтрысцкая, г.зн. заснаваная на прэзумпцыі наяўнасьці ўнівэрсальнай заканамернасьці сьветабудовы, зразумелай у духу лінейнага дэтэрмінізму. Пры тэматычным разгортваньні зьместу культуры такога тыпу ёй уласьцівая, паводле М.Фуко, прэзумпцыя “сэнсу, першапачаткова наяўнага ў сутнасьці рэчаў”, што інсьпіруе пабудову філязафічнай онталёгіі, “калі паўсюль выяўляецца рух лёгасу, які ўзводзіць адзінкавыя асаблівасьці да панятку й дазваляе беспасярэдняму досьведу сьвядомасьці разгарнуць… усю рацыянальнасьць сьвету”.