Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 150

Невядомы

б) нэгатыўнае стаўленьне да самога тэрміну “дэтэрмінізм”, які сынэргетыкай і постмадэрнізмам зьвязваецца зь лінейным тыпам дэтэрмінацыйнай сувязі (адмаўленьне сынэргетыкі ад гэтага тэрміну наагул, схільнасьць постмадэрнізму да “валюнтарысцкай” і “рэвалюцыйнай” тэрміналёгіі);

в) выкарыстаньне мэтафарычных сэнсавобразаў для перадачы ідэі адсутнасьці зьнешняй прычыны адносна сыстэмы, што трансфармуецца: агульная постмадэрновая прэзумпцыя “сьмерці Бога”, пераарыентацыя з ідэі Эдыпа як патэрналісцкай дэтэрмінанты неўсьвядомленага да прэзумпцыі “Анты-Эдыпа” ў шызааналізе, аналягічная ёй ідэя “сіроцтва сэнсу” ў тэксталёгіі й г.д.

5. Станаўленьне парадыгмы дэтэрмінізму нелінейнага тыпу інсьпіруе, як у прыродазнаўстве, так і ў філязофіі, радыкальную крытыку мэтафізыкі як уфундаванай прэзумпцыяй лёгацэнтрызму (адмаўленьне ад татальнага дэдукцыянізму мэтафізычных сыстэм — у сынэргетыцы; экспліцытная злучанасьць мэтафізыкі з ідэяй лінейнасьці й стратэгіі “лёгатаміі” — у постмадэрновай філязофіі).

2001 г. 

Да дэканструкцыі перадразвагаў разуменьня

— І ты ўважаеш сабе за апантанага велічнымі ідэямі-фікс, але ж адным гожым днём зьдзяйсьняеш першае асабістае адкрыцьцё — ідэі тыя ня вельмі каб ужывальныя ў жыцьці; а паколькі ты ж не ідыёт і табе міласна жыць, высьвятляеш, што прагнеш ты — быць вольным у дзеях. Гоп!— і ты спатыкаеш тыя ж самыя ідэі, што атрымаў быў праз хрост. Ды не ў абліччы вонкавых запаветаў і пастановаў —

зацемь, бо гэта ёсьць важным. Не ў разнастайных абліччах практычнага прымусу, што гэтак бянтэжаць звадкую шпану,—

усё таму, што звыклыя абліччы прымусу, якія сустракаеш у жыцьці штодня, ты, так ці інакш, у стане абмінуць,—

але ты спатыкаеш самога сябе: тое, што атрымаў быў у хрост, дружа, уласнае веравызнаньне…

Х. Картасар, Іспыт (пераклад адвольны)

Калі задацца пытаньнем, якія хады здумленьня адбіліся на нашых філязофскіх поглядах найбольш, дык міжволі ўзгадаеш знакаміты зьвяз К.Маркса, Ф.Ніцшэ і З.Фройда, якіх яшчэ К.Ясперс ахрысьціў трапным вызначэньнем: “філёзаф падазронасьці”. Адылі, чаму падазронасьць прыпісваецца менавіта гэтаму зьвязу з трываласьцю, што выклікае зьдзіўленьне, нібыта насуперак плойме ўсіх іншых, хто ставіў пад сумнеў шмат што для нас асэнсаванае. Прынамсі, значыць, існуе пэўнае істотнае адрозьненьне паміж падазронасьцю й сумневам.

Падазронасьць ёсьць заўжды скіраванай і, няўпрыклад грузкаму ды размаітаму сумневу, вялікшую частку часу ведае, супраць каго яна вядзе сьледзтва, і нават паводле якіх пунктаў зьвінавачаньня. Просты сумнеў, як і няпэўнасьць, не валодае прэзумпцыяй правамернасьці ўласных запатрабаваньняў, і таму мае захоўваць гіпатэтычны характар пастуляванай “сумнеўнасьці” ў дужках: нешта ня так, але, мажліва, я памыляюся — нібыта кажа ён. Падазронасьць жа тыя дужкі зьнішчае й патрабуе ўжо адказу, з тае прычыны, што ёю пэўна сьцьвярджаецца — нешта ня так: таму, калі ласка, дайце тлумачэньне гэтым абставінам, і — як мага хутчэй.