Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 147

Невядомы

Такім чынам, у эўрапейскай традыцыі лёгацэнтрызм непарыўна злучаны з асноўнымі тэзамі мэтафізыкі, лінейнай дэтэрмінацыйнай схемы й вынікальнымі адсюль ідэямі стабільнасьці структуры, наяўнасьці цэнтру, факту моўнай рэфэрэнцыі й пэўнасьці тэкставай сэмантыкі. Аднак менавіта супраць гэтага блёку культурных сэнсаў (“лінейнасьць”, “лінэарнасьць”) і скіравана вастрыё постмадэрновае крытыкі. Як піша Ж.Дэрыда, “граматалёгія павінна дэканструяваць усё тое, што зьвязвае канцэпты й нормы навуковасьці з онтатэалёгіяй, зь лёгацэнтрызмам, з фоналягізмам… Трэба адначасова выйсьці з мэтафізычных пазытывізму й сцыентызму й акцэнтаваць тое, што ў фактычнай навуковай працы садзейнічае пазбаўленьню ад мэтафізычных гіпотэз, якімі з самых яе вытокаў пазначаны ейнае вызначэньне й ейны рух”. Спроба пераадоленьня лёгацэнтрызму ажыцьцяўляецца постмадэрновай філязофіяй як на онталягічнай, гэтак і на гнасэалягічнай падставе. Такая пазыцыя зададзена ў філязофіі постмадэрнізму прэзумпцыяй жорсткага дыстанцыяваньня ад любых спроб канстытуяваньня мэтафізычнай карціны сьвету ў ейным клясычным разуменьні. Б.Мак-Хал адзначае ў гэтым кантэксьце ўласьцівую культуры постмадэрну пэўнага кшталту “забарону на мэтафізыку”, а стыль мысьленьня культуры постмадэрну рэфлексіўна ўсьведамляе сябе як постмэтафізычны.

Панятак “постмэтафізычнага мысьленьня” выяўляе скіраванасьць сучаснай філязофіі на адмаўленьне ад магчымасьці пабудовы адзінай і сыстэмнай канцэптуальнай мадэлі сьвету — як у паняткавай прасторы філязофіі, гэтак і ў паняткавай прасторы любой іншай мысьліўнай сыстэмы (навука, тэалёгія, этыка й інш.).

Аналягічна, у дачыненьні да гэтак званай сацыяльнай онталёгіі, постмадэрнізм адпрэчвае клясычную прэзумпцыю наяўнасьці “латэнтнага сэнсу” гісторыі (Ж.Дэрыда), а ў дачыненьні да сэміятычных асяродкаў постмадэрновая філязофія адмаўляецца “прымаць як апрыёрыю тое, што тэкст (і ўвесь сьвет як тэкст) мае ў сабе якую-кольвечы “таямніцу”, гэта значыць канчатковы сэнс” (Р.Барт). Наагул, “гісторыя рэпрэзэнтацыі” разглядаецца постмадэрнізмам як “гісторыя іконаў — гісторыя працяглай аблуды” (Ж.Дэлёз). Такім чынам, постмадэрновыя арыентацыі ў дадзенай сфэры інтэгруюцца ў такую парадыгмальную прэзумпцыю, як “ахвяраваньне сэнсам” (Ж.Дэрыда). А ўласьцівае постмадэрнізму бачаньне рэальнасьці артыкулюецца як “постмадэрновая чуйнасьць”, г.зн. парадыгмальная арыентацыя на знаходжаньне хаосу ў любой прадметнасьці: ад перад-постмадэрновай літаратуры (да прыкладу, “Кругі руінаў” У.Борхэса) да “Аўтапартрэту й іншых руінаў” у Ж.Дэрыды.