Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 145

Невядомы

З гэтае прычыны для постмадэрнізму праблемай стаецца праблема навізны як крыніцы сапраўднае множнасьці й, настолькі ж, праблема множнасьці як умова сапраўднай навізны. Так, Ж.Дэлёз бачыць сваім прадметам “умовы сапраўднага генэзісу”, падчас якога магчымая сапраўдная множнасьць сапраўды новых станаў.

Лінейная вэрсія дэтэрмінізму ацэньваецца філязофіяй постмадэрнізму выключна нэгатыўна: у прыватнасьці, у намадалёгіі радыкальнай крытыцы падлягае такая “нясьцерпная рыса заходняй сьвядомасьці”, як інтэнцыя пераносіць пачуцьці ці ўчынкі на зьнешнія ці трансцэндэнтныя аб’екты замест таго, каб ацаніць іх з гледзішча ўнутраных якасьцяў і каштоўных саміх па сабе” (Делез Ж., Гваттары Ф.). Традыцыйная ці “сымбалічная” сьвядомасьць крытыкуецца Р.Бартам за тое, што “хавае ў сабе не дашчэнту выкаранены дэтэрмінізм”. Супрацьпастаўляючы традыцыйную й постмадэрновую (“іманэнтную”) вэрсіі стаўленьня да тэксту, Барт піша: “чым выклікана… непрыняцьцё іманэнтнасьці?.. ...Магчыма, справа ва ўпартай прывязанасьці да ідэалёгіі дэтэрмінізму, для якой твор — “прадукт” нейкай “прычыны”, а зьнешнія прычыны “больш прычынныя за ўсе іншыя”.

Істотнейшым момантам постмадэрновай інтэрпрэтацыі дэтэрмінізму зьяўляецца, такім чынам, фінальнае адмаўленьне ад ідэі зьнешняй прычыны. У мэтафарычнай сыстэме постмадэрнізму гэта выяўляецца праз парадыгмальныя фігуры “сьмерці аўтара” як зьнешняй супрычыняльнай дэтэрмінанты тэксту й “сьмерці Бога” як фінальнай і вычарпальнай зьнешняй дэтэрмінанты, а таксама ў адмаўленьні ад ідэі. Бацькі ў ягоным традыцыйным псыхааналітычным разуменьні (г.зн. у якасьці зьнешняга дэтэрмінацыйнага фактару разьвіцьця псыхікі) і, адпаведна, у праграмнай стратэгіі анты-Эдыпізацыі неўсьвядомленага.

Супрацьпастаўляючы “твор” як фэномэн клясычнай традыцыі й “тэкст” як зьяву постмадэрновую, Р.Барт фіксуе крытэры іхнага разрозьненьня менавіта ў межах дэтэрмінацыйных асаблівасьцяў. Клясычная філязофія “прымае за аксыёму абумоўленасьць твору рэчаіснасьцю (расай, пазьней — Гісторыяй), пасьлядоўнасьць твораў адзін за адным, прыналежнасьць кожнага зь іх свайму аўтару”. Тэкст жа знаходзіцца ў іншым, не эвалюцыйным працэсе трансфармацыяў, і калі “твор улучаны ў працэс філіяцыі”, то ён ужо не прадугледжвае наяўнасьці зьнешняй (па-за вэрбальнай) прычыны. Асноўнай “мэтафарай” зьяўляецца ўжо не лінейны прычынны ланцужок, а — “сетка”.

Аналягічна, постмадэрновая фігура “сьмерці Бога” зарыентавана на пераасэнсаваньне самога фэномэну прычыны. Як піша М.Фуко, “сьмерць Бога зьвяртае нас не да абмежаванага й пазытыўнага сьвету”, але вызваляе “існаваньне ад існаваньня, якое яго абмяжоўвае”.