Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 144

Невядомы

Зь пераходам да неклясычнай навукі, аднак, гэтая парадыгма ўжо больш не ўспрымаецца як задавальняльная. У супрацьлегласьць клясыцы, прапанаванае сучасным прыродазнаўствам бачаньне сьвету заснавана на радыкальна іншым, а менавіта — на нелінейным тыпе дэтэрмінізму. Як піша I.Прыгожын, “мы ўсё больш і больш схільныя думаць, што фундамэнтальныя законы прыроды апісваюць працэсы, зьвязаныя з выпадковасьцю й незваротнасьцю, між тым, як законы, якія апісваюць дэтэрмінісцкія й зваротныя працэсы, маюць толькі абмежаванае ўжываненьне”. Самым значным аспэктам разуменьня дэтэрмінізму як нелінейнага зьяўляецца адмова ад ідэі прымусовай казуальнасьці, якая прадугледжвае наяўнасьць зьнешняй прычыны, г.зн. прэзумпцыі таго, што М.Маісееў называе “адсутнасьцю кіравальнага пачатку”.

Дадзены момант зьяўляецца прынцыпова значным з гледзішча гнасэалёгіі. Сынэргетыка больш ня можа абапірацца на традыцыйную (фактычна ўзыходную да гілемарфізму) ідэю пра тое, што вывучэньне зьнешняй прычыны, якая, зьяўляючыся адкрытай для аналізу, дазваляе (з сваёй суаднесенасьці, у арыстотэлеўскай тэрміналёгіі, з фармальнай прычынай як эйдасам будучага выніку супрычыненьня) спрагназаваць будучы стан сыстэмы, якая зьмяняецца (ці, дакладней, якую зьмяняюць — і ў гэтым сутнасьць). У працэсах, якія дасьледуе сынэргетыка, гэтак званыя неабходныя й выпадковыя фактары зьяўляюцца практычна аднолькава значнымі, а спэцыфіка эвалюцыйнага працэсу вызначаецца, урэшце рэшт, іхнымі ўнікальнымі камбінацыямі.

2. Постмадэрнізм і парадыгма нэадэтэрмінізму ў сучаснай гуманістыцы

Аналізуючы фундамэнтальныя парадыгмальныя ўстаноўкі сучаснага заходняга постмадэрнізму, таксама можна цалкам вызначана зафіксаваць арыентаваньне на радыкальнае зьмястоўнае пераасэнсаваньне фэномэну дэтэрмінізму. Менавіта ў адмаўленьні ад дэтэрмінізму ў ягоным традыцыйным (лінейным) разуменьні Ж.-Ф.Льётар бачыць крытэр адрозьненьня “постмадэрновай культуры” ад папярэдняй традыцыі: “навуковыя веды шукаюць выйсьця з крызысу дэтэрмінізму” — паводле Ж.-Ф.Льётара, лінейны “дэтэрмінізм ёсьць гіпотэзай”, заснаванай на дапушчэньні, што “сыстэма, у якую ўводзяць тое, што маюць “на ўваходзе”, стабільная; і гэта дазваляе… дастаткова дакладна прадказаць “выйсьце”.

У супрацьлегласьць гэтаму, постмадэрновая філязофія фундуецца той прэзумпцыяй, што заканамернасьці, якімі абумоўлена разгляданая ёю прадметнасьць, належыць да прынцыпова нелінейнага тыпу. Працэсуальнае быцьцё прадметнасьці малюецца постмадэрнізмам (напрыклад, у Ж.Дэлёза) як аўтахтоннае й спарадычнае, “чыстае й бязьмернае станаўленьне якасьцяў знутры”. І ў гэтым сэнсе постмадэрнізм адназначна адмаўляе тое, што Д’ан называе “адналінейным функцыяналізмам”.