Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 143

Невядомы

1. Парадыгма нэадэтэрмінізму ў культуры мяжы стагодзьдзяў: прыродазнаўчая праекцыя

Ідэя лінейнага дэтэрмінізму (і, адпаведна, лінейнага прагрэсу) заснаваная на прэзумпцыі наяўнасьці фэномэну прычыны, была дамінантнай для эўрапейскай культуры цягам амаль усёй ейнай гісторыі. І калі, з ацэнкі Р.Нісбэта, “на працягу амаль трох тысячагодзьдзяў ніводная ідэя не была больш значнай ці хаця б настолькі ж значнай, як ідэя прагрэсу для заходняй цывілізацыі”, дык сёньня О.Тофлер ацэньвае “сучасны этап паскарэньня сацыяльных зьменаў” як такі, што мае нелінейны характар. Сучасная культура (як у межах прыродазнаўчай, так і ў межах сваёй гуманітарнай традыцыяў) азначана радыкальным паваротам да арыентаваньня на новы кшталт дэтэрмінізму.

Так, новая фізыка, на думку А.Кестлера, фундуецца прэзумпцыяй неабходнасьці “вызваліцца з кайданаў” дэтэрмінізму, зразумелага ў якасьці зьнешняга супрычыненьня. А Дж.Лайтхіл, на той час прэзыдэнт Міжнароднага Саюзу тэарытычнай і прыкладной мэханікі, публічна папрасіў прабачэньня ад імя мэханікі за тое, што “цягам трох стагодзьдзяў адукаваную публіку ўводзілі ў зман апалёгіяй дэтэрмінізму, заснаванага на сыстэме Ньютана, між тым, як можна лічыць даказаным, …што гэты дэтэрмінізм быў памылковым”.

Калі для прыродазнаўства пераход да нелінейнай парадыгмы абумоўлены менавіта станаўленьнем неклясычнае навукі (ад квантавай мэханікі да тэорыі катастроф), то ў дачыненьні да гуманітарнай сфэры зараджэньне ідэяў нелінейнасьці правамоцна аднесці да значна больш раньняга пэрыяду. У першую чаргу гэта тычыцца філязофіі й дысцыплінарнай гісторыі: фіксацыя ўвагі на фэномэне “невыпадковасьці” (неэлімінаванасьці) выпадку ўпершыню адбылася менавіта ў гэтых галінах — адлік тут можна распачаць з ідэі Эпікура пра адвольнае адхіленьне атамаў. Паралельна традыцыі жорсткага дэтэрмінізму, якая трактавала выпадковасьць як онталягізацыю кагнітыўнай недастатковасьці (ад Дэмакрыта да Новай Эўропы) ці як вынік узаемадзеяньня (перакрыжаваньня) нязначных прычын (гегельянства — марксізм), у гісторыі філязофіі можна вылучыць і традыцыю, што залічвала фэномэн выпадковасьці да свайго дэпартамэнту (ад канцэптуальнай эксплікацыі азначаных ідэяў у У.Пеці й А.Кетле да іхнага парадыгмальнага канстытуяваньня й аксыялягічнага дамінаваньня ў постмадэрнізме).

Паводле рэтраспэктыўнай ацэнкі Ж.-Ф.Льётарам клясычнай традыцыі, у межах апошняй унівэрсальна прадугледжвалася, што ў якасьці прадмету прыродазнаўчых навук “прырода зьяўляецца бесстароньнім бясхітрасным супернікам”. Такі падыход прадуглеждвае наяўнасьць у прадмеце досьледаў іманэнтнай і імпліцытнай лёгікі разьвіцьця, якая паступова разгортваецца ў працэсе ягонай эвалюцыі й якая з прычыны гэтых абставінаў можа быць прадстаўлена ў якасьці паступальнага шэрагу этапаў, кожны зь якіх беспасярэдне вынікае з папярэдняга. У дачыненьні да носьбітаў навуковай рацыянальнасьці клясычнага тыпу А.Уайтхэд адзначаў уласьцівую ім “непахісную веру ў тое, што любую падрабязна вывучаную зьяву можна абсалютна пэўным чынам — шляхам спэцыялізацыі агульных прынцыпаў — суаднесьці з папярэднімі ёй зьявамі. Менавіта гэта інстынктыўная перакананасьць… зьяўляецца рухальнай сілай навуковых досьледаў, перакананасьць у тым, што існуе нейкая таямніца й што гэтая таямніца можа быць раскрыта”. Такі падыход да прадмету інсьпіруе канстытуяваньне ў прыродазнаўчай прэзумпцыі наколькі татальнага, настолькі ж і лінейнага дэдуктывізму.