Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 142

Невядомы

Нарэшце, вырываючы індывіда з-пад усепаглынальнае моцы й улады звыклай і “няўласнай прысутнасьці”, даючы яму магчымасьці й сродкі быць “крытычным супраць самога сябе” (Гайдэгер), яно пашырае й узмацняе нашыя здольнасьці ўзнаўляць і ажыцьцяўляць сябе ў сьвеце як уласную й усьведамляльную сябе прысутнасьць.

Верай у чалавека, даверам да яго й ягоных магчымасьцяў прасякнута ўся гісторыя мэтафізыкі зь ейнай атмасфэрай строгасьці й патрабавальнасьці да чалавека. І крэдыт гэтага даверу далёка яшчэ ня вычарпаны. Прынамсі, я глыбока пераканана, што крэдыт даверу да чалавека ёсьць канстытутывам самой філязофіі; а яна ёсьць (можа быць) толькі там, дзе ёсьць ён. І наадварот, пакуль ёсьць яна, заўсёды ёсьць (павінен быць) і ён, якімі б вартымі жалю ці пачварнымі, бездапаможнымі ці ня вартымі даверу ні выглядалі мы ў паўсядзённым жыцьці ці ў аналітычных, дэтэрмінісцкіх, аб’ектывальных (рэдукцыя­нісцкіх) дыскурсах. Бо гэта яшчэ ня ўся праўда пра нас. І далёка не самая галоўная праўда пра нас. Таму пра філязофію можна казаць як пра “сродак вызваленьня й выратаваньня” чалавека (Сартр), сродак вызваленьня й выратаваньня ўласна чалавечага ў чалавеку.

Ідэал поўнай індывідуацыі й інтэграцыі нашага досьведу, ягонай поўнай самасьвядомасьці калі й дасягальны, дык, магчыма,— толькі ў вымярэньні, імя якому бясконцасьць. Мы ж канечныя. Але й тое, што нам дадзена, заўсёды пакідае нам шанец выканаць нашую (і толькі нашую) працу сьвядомасьці ў гэтым сьвеце — працу самавызначэньня й саматрансфармацыі, якая дазваляе ўсталяваць у сьвеце заўсёдна адкрытую й заўсёдна актуальную магчымасьць маральнага ладу й свабоды. А да таго ж, ніхто, акрамя нас, ня зможа паказаць, дый засьведчыць, што чалавечае ў чалавеку магчымае, што ў сьвеце магчымыя думка, гонар, свабода, нарэшце, што ў сьвеце магчымае “жывое жыцьцё”.

1999 г.

Фінал лёгацэнтрычнай парадыгмы

Культурнай сытуацыі мяжы ХХ—ХХI стст. — як у сацыяльна-гістарычным, так і ў навукова-пазнаваўчым вымерах — уласьціва відавочная нелінейнасьць працэсаў разьвіцьця. Сучаснае грамадзтва ажыцьцяўляе радыкальны цывілізацыйны паварот, які прадугледжвае арыентаваньне на ідэал глябальнай цывілізацыі як адзінага плянэтарнага комплексу, што паўстае на аснове этнакультурнага й арганізацыйнага поліцэнтрызму. Такі ідэал прадугледжвае адмаўленьне ад прэзумпцыі лінейнага прагрэсу, заснаванага на ідэі ўніфікацыі шляхоў і форм разьвіцьця.

Несумнеўным лідэрам у досьледах лінейных працэсаў выступае сёньня сынэргетыка, якая наўпрост асэнсоўвае сябе ў якасьці канцэпцыі нелінейных дынамік. У сфэры гуманітарных навук аналягічныя тэндэнцыі можна знайсьці ў тэарытычных канструкцыях, прапанаваных філязофіяй постмадэрнізму. Гэтыя канструкцыі адкрыты для аналізу ў якасьці канцэптуальных мадэляў нелінейных дынамік: нелінейнае пісьмо, нелінейная тэмпаральнасьць, нелінейная мадэль дынамікі неўсьвядомленага, “генэалёгія” замест лінейнай “гісторыі” й г.д. А самі прадстаўнікі постмадэрнізму экспліцытна ацэньваюць прэзумпцыі сучаснай філязофіі як такія, што адмаўляюць клясычны стыль мысьленьня.