Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 140

Невядомы

Менавіта са здольнасьцю філязофскага (мэтафізычнага) дыскурсу выконваць працу скрайняга, найрадыкальнейшага самаўсьведамленьня нашага досьведу, што ажыцьцяўляецца ў прасторы паміж скрайнімі палюсамі (індывідуацыі нашага досьведу й унівэрсуму “далёкага”, “сутнаснага”) — празь іхнае спалучэньне,— і можна, на мой погляд, зьвязваць надзеі на запатрабаванасьць філязофіі.

Філязофскі статус і сэнс праблемы індывідуацыі досьведу можна, такім чынам, задаць праз мэтафізыку “прысутнасьці” й онталёгію свабоды. А пра першасны жыцьцёвы сэнс філязофіі, ейны незьнішчальны патас, унутраныя жыцьцядайныя вытокі мэтафізычнага чыну думкі можна казаць як аб працы па ўзнаўленьні нашай уласнай прысутнасьці паўсюль, дзе яна абарвалася. Інакш кажучы, філёзаф імкнецца па магчымасьці зьвесьці да мінімуму “лакуны”, месцы “адсутнасьці”, г.зн. тыя месцы канстытуяваньня сэнсаў і значэньняў нашага досьведу, дзе мы адпачатку “адсутнічалі”. Менавіта мэтафізыка — гэтая філязофія “бясконца высокіх энэргій” — зь ейнымі паняткамі “далёкага”, “належнага”, зь ейнымі спэцыфічным рэжымам мысьленьня ў сутнасным “фармаце” патрабуе максымальнага ўдзелу, прысутнасьці індывіда ў прадметах і сувязях ягонага досьведу, і ў той самы час яна “размыкае” гэтую прысутнасьць, адкрываючы яго ўнівэрсальнасьці, аб’ектыўнасьці, робячы магчымай прысутнасьць праўды іншага ў нашым індывідуальным досьведзе.

У гэтым кантэксьце можна сьцьвярджаць, што, вымагаючы ад чалавека індывідуацыі досьведу, філязофія, па сутнасьці, зьяўляецца ні чым іншым, як мэтафізыкай “прысутнасьці” чалавека. “Гіронія” Сакрата, “ідалы” Бэкана, “сумнеў” Дэкарта, трансцэндэнтальнае адзінства апэрцэпцыі Канта, “рэдукцыя” Гусэрля, “захопленасьць” Гайдэгера, cogito, праект і “аўтарства” Сартра й інш. — за гэтымі рознымі тэрміналягічнымі азначэньнямі хаваюцца выкананыя ў розных пэрспэктывах і ракурсах філязофскія пошукі сродкаў, тэхнік і спосабаў зьменшыць у нас зоны дзеяньня “Яно”. А тым самым — пашырыць зоны й межы разуменьня нашай прысутнасьці ў досьведзе.

Прысутнасьць чалавека ў прадметах і сувязях ягонага досьведу, такім чынам, ёсьць заўсёднай мэтай і задачай філёзафа, якія ўвесь час узнаўляюцца. І гэта робіць філязофію роднаснай жыцьцю, у якім “прысутнасьць” чалавека зьяўляецца перамогай, што безупынна высьлізгвае, г.зн. перамогай, якую нельга атрымаць раз і назаўсёды, але якую трэба здабываць зноў і зноў.

“Мэтафізыка прысутнасьці” — філязофскі шлях асэнсаваньня “чалавечага кону” й спосаб пошуку магчымасьцяў для чалавека зразумець сваё жыцьцё й самавызначыцца ў ім і адносна яго.

З моманту свайго ўзьнікненьня й да сёньня гэтае намаганьне самаўсьведамленьня чалавечага досьведу жывіцца, калі можна так сказаць, “надзеяй без надзеі” спасьцігнуць Быцьцё, Ягоную Праўду. Пра мужнасьць вялікіх філёзафаў, якія не абнадзейваліся лёгкасьцю гэтай задачы, можна, перафразуючы Сартра, сказаць, што іхнае філязафаваньне — зусім не “дарэмная жарсьць” мысьліць… Бо менавіта ў гэтым імкненьні да недасяжнага нашае жыцьцё й здольнае трансфармаваць і арганізоўваць сябе; у ім магчымае нараджэньне новых форм чалавечага ў сьвеце-самаажыцьцяўленьня, узьнікненьне таго, што нельга ані дэдукаваць з фактычнага, наяўнага, ані рэдукаваць да яго; менавіта ў ім магчымы абсалютны “прырост Быцьця” (М.Бярдзяеў).