Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 131

Невядомы

У аспэкце іншага-інакшага кантэксту цікавай выглядае й праблематыка нацыянальнага самавызначэньня народаў, якія страцілі ці ня мелі сваёй дзяржаўнасьці. Працэс іхнай самаідэнтыфікацыі адбываўся ў межах шматэтнічных дзяржаваў ці імпэрыяў, і таму ў арэал “эўрапейскасьці” яны патраплялі толькі “прасторава”. У гэтым выпадку паўставаў свой (яшчэ адзін) “цэнтар”, які пачынаў манапалізаваць права на рэпрэзэнтацыю ўнівэрсальнага, навязваючы тым самым пэўную мадэль культурнай і нацыянальнай самаідэнтыфікацыі “безьдзяржаўнаму” народу-насельніцтву. Стратэгіям уніфікацыі-атаясамленьня супрацьстаялі тут самавытворныя іншакантэкстуальнасьці, унутры якіх іх культуртрэгеры ўвесь час зьвярталіся да рэканструкцыі-адраджэньня й канструяваньня-вынаходніцтва новых ідэнтыфікацый. У падобных абставінах у “цэнтру” заўсёды ўзьнікалі сумневы адносна філязофскай ці навуковай “сапраўднасьці” прадукаваных тут дыскурсаў і тэкстаў.

Асобнага аналізу заслугоўваюць стратэгіі, з дапамогаю якіх “цэнтар” намагаецца “разабрацца” з праблематыкай кантэкстуальнасьці. Найперш гаворка мусіць ісьці пра розныя вэрсіі “падаўленьня”, якія спалучаюць у сабе як адкрытыя “рэпрэсіі”, так і правакаваньне “жаданьня”, у тым ліку й праз забесьпячэньне “магчымасьці” патрапіць у “сучаснасьць”. Аднымі з найбольш эфэктыўных былі стратэгіі рэалізацыі канцэпту “адзінага народу”, які канстытуецца на падставе ідэі свабоды грамадзянскасьці, а не па “крыві”. Найбольш яркі прыклад — стварэньне францускай нацыі. Іншы тып стратэгій — дэнацыяналізацыя нацыянальных меншасьцяў, прычым, зусім не абавязкова шляхам непасрэднага задушэньня. Больш дзейснымі былі разнастайныя вэрсіі “…фікацыі”, у прыватнасьці, “русыфікацыя” ў Расейскай імпэрыі, якая, не цураючыся наўпроставага гвалту (задушэньне нацыянальна-вызвольных рухаў), адбывалася праз сыстэму школьнае адукацыі й стварэньне ляяльнай да “цэнтру” нацыянальнай адміністрацыі. Па сутнасьці, ейнай мэтай была “зваротная крэалізацыя” “инородцев” (хаця тыя ж беларусы і украінцы разглядаліся хутчэй як крэолы, чым “инородцы”).

Паказальны прыклад і Францыі, дзе антыльскім мулатам і нэграм была прапанаваная ідэнтыфікацыя “французаў” ці “нэграў францускай нацыянальнасьці”, а іхныя краіны былі юрыдычна вызначаны як “заморскія дэпартамэнты”. Мясцовым культурным элітам (якія далей будуць разглядацца як “кантэкстныя эліты”) даволі рэдка ўдаецца дасягнуць кампрамісу з “захавальнікам унівэрсальнасьці”, а тым самым легалізаваць, легітымаваць і, па магчымасьці, так ці інакш упісаць свой кантэкст ува ўнівэрсальнасьць. Удалы тут прыклад вэнграў у імпэрыі Габзбургаў, якая нават стала называцца Аўстра-Вэнгерскай імпэрыяй. Асаблівы выпадак — “саветызацыя”, якая, разам зь ейным лёзунгам аб “праве нацый на самавызначэньне”, яшчэ не прааналізавана належным чынам у разгляданым аспэкце. Прыведзеныя прыклады, разам з тым, указваюць і на “палавіннасьць”, а значыць і прынцыповую слабасьць гэтых стратэгій, што пазьней выяўлялася ў замене відавочнага дамінаваньня на латэнтнае, якое ўрэшце сталася прычынай распаду імпэрскіх утварэньняў.