Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 132

Невядомы

Усе разгледжаныя стратэгіі так ці інакш былі скіраваны на нівэліроўку кантэкстуальнасьці, яе пэрыфэрызацыю й маргіналізацыю. “Цэнтар” амаль заўсёды імкнецца да перастварэньня гэтых кантэкстаў “інакшага” ў “сваё”, а значыць і кантраляванае ім, іншае. Барацьба зь любымі праявамі “лякальнага” (часта трактаванага як “местачковае”) складае самую сутнасьць грамадзтваў сучаснага індустрыяльнага тыпу й дамінавальных у іх спосабаў мысьленьня й пабудовы дыскурсу. Кантэкстуальнае з прычыны немагчымасьці ягонага поўнага выдаленьня “трываюць” тут пераважна як непазьбежнае ліха, зь якім даводзіцца лічыцца й якое неабходна ўтылізаваць. Радыкальна зьмяніць наяўны стан рэчаў прынцыпова магчыма толькі ў сытуацыі “пост”, якая задае падставова інакшыя рамкі й парамэтры як для мысьленьня, так і для дыскурсыўнасьці, якая зьмяняе самое разуменьне рацыянальнасьці як асновы асьветніцкага й мадэрновага цэнтраванага ўнівэрсалізму. Постмадэрнізм пахаваў у шэрагу абвешчаных сьмерцяў “трансцэндэнтальнае азначанае”, “аўтара” й “суб’екту”, прамовіў “канец гісторыі”, зрабіўшы сваёй фундамэнтальнай устаноўкай ацэнтрызм і ўвёўшы ў якасьці сваіх найістотных канцэптаў “рызому”, “сымулякр”, “сьлед” і “складку”, а тым самым адкрыў прынцыпова новыя магчымасьці для абмеркаваньня пастаўленых задач.

6

Постмадэрнісцкая пэрспэктыва істотная тут не сама па сабе, а толькі для разуменьня далягляду, да якога рухаўся “цэнтар” у мадэрнісцкую эпоху, для разуменьня таго, што адкрылася з сытуацыі “месца знаходжаньня” інакшага.

Пошук адказаў на гэта пытаньне пераакцэнтоўвае ўвагу з “цэнтру” на пэрыфэрыю, бо асноўнае кола ідэнтыфікацыйных праблем зьвязанае, перш за ўсё, са спосабамі, магчымасьцямі й мэтамі, якія здольны фармуляваць і рэалізоўваць самі “разьмешчаныя ў кантэксьце”. У дадзеным выпадку таксама назіраецца вялікая раскіданасьць варыянтаў, што зьвязана са спэцыфікай саміх кантэкстаў, у якіх “кантэкстуалам” даводзіцца дзейнічаць. Аднак цікава, што ў большасьці выпадкаў мэты самаідэнтыфікацый былі спалучаны з аднаўленьнем правоў і ўпісваньнем уласных культурных кантэкстаў як роўных у прастору ўнівэрсальнасьці. Такім чынам, ува ўсіх гэтых выпадках вялося ня проста пра рэфлексію кантэксту й ягонае дыскурсіўнае выяўленьне, а пра выбудову апазыцый з унівэрсальным — “цэнтрам”, са створанымі ім кананічнымі тэкстамі. Пры гэтым апошнія таксама падлягалі пераінтэрпрэтацыі ў сьвятле заключанага ў іх ідэнтыфікацыйнага складніка праз узнаўленьне ў іх іншага, але з захаваньнем інварыянтнага пачатку, які неабходна “прыўласьніць” як умову сваёй упісанасьці ў больш шырокую, чым нацыянальная, рамку (“эўрапейскасьць”) і/ці як умову канстытуяваньня іншай-інакшай рамкі (да прыкладу, “эўразійскасьці”). Ува ўсіх гэтых выпадках “цэнтар” чытаўся сваімі вачыма, што дазваляла завалодаць ягонай спадчынай, г.зн. улучыць яго ва ўласныя дыскурсіўныя стратэгіі й вытворваць тэксты, якія злучаюць у сабе сваё іншае-інакшае й інварыянтнае ўнівэрсальнае, зьмяшчаючы тым самым “неперадавальны ўзор” у рамку ўнівэрсальнага.