Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 129

Невядомы

Датычна першага пытаньня можна канстатаваць, што дыскурс новаэўрапейскага мысьленьня ад пачатку ствараўся як унівэрсальны ў сваёй “эўрапейскасьці”, саматоесны й непразрысты для Іншага (інакшага, непадобнага). Ён канстытуяваўся як адзіна магчымы ў сваёй самадастатковасьці. Усялякі іншы спосаб мысьленьня й рэфлексіі пазначаўся ад пачатку як “непаўнавартасны”, як пэрыфэрыйны, ці маргінальны, “барбарызаваны”, у лепшым выпадку — як той, што рухаецца ў кірунку да эўрапейскага.

Разглядаючы толькі антычную культуру й філязофію ў якасьці сваіх вытокаў і перадумоваў, Новы час успрымаў усе астатнія спосабы філязафаваньня як “пустыя”. Толькі за эўрапейскім чалавекам прызнавалася права на валоданьне нейкай усясьветна-ўнівэрсальнай місіяй, якую ён пакліканы зрэалізаваць. Апатэозам завершанасьці й рэпрэзэнтатыўнасьці гэтага кола ідэяў выступалі гегелевы філязофія гісторыі й гісторыя філязофіі. Ад пачатку й у большасьці выпадкаў Новаэўрапейскі дыскурс разгортваўся, зыходзячы з уяўленьня пра трансцэндэнтальна-ўнівэрсальны суб’ект, якому супрацьпастаўлены ня менш трансцэндэнтальна-ўнівэрсальлны аб’ект, здольны быць схопленым па правілах адзіна магчымай у сваёй унівэрсальнасьці працэдуры (пры ўсёй рознасьці разуменьня стратэгіяў яе рэалізацыі). “Чыстаму мысьленьню” й “чыстаму досьведу” (у іхнай рацыянальнасьці як умове “правільнасьці”) супрацьстаўляліся “прырода як такая” й “соцыюм як такі”.

Пытаньне пра кантэкстуальнасьць як досьведу, так і мысьленьня, ужо ня кажучы пра “неўнівэрсальнасьць” рацыянальнасьці, не паўставала, ці яно ігнаравалася як няіснае. Калі ж гаворка пра кантэксты ўсё ж вялася, то яны асэнсоўваліся ў тэрмінах “абуральнага ўзьдзеяньня асяродзьдзя”, для мінімалізацыі якога неабходна ўводзіць своеасаблівыя “каэфіцыэнты папраўкі” ва ўмовах сфармуляванай у ідэальным выглядзе “задачы”.

Разбурэньне гэтай канструкцыі, якая імкнулася да падтрыманьня сваёй цэльнасьці й самадастатковай тоеснасьці, было дасягнута новаэўрапейскай думкай зь вялікай цяжкасьцю й зацягнулася на доўгі час. Дэканструкцыя сталася адначасова й дэканструкцыяй (“сьмерцю”) самой клясычнай новаэўрапейскай філязофіі. Ня маючы магчымасьці разгледзець тут гэты працэс, адно толькі пазначым пункцірам ягоныя асноўныя вынікі.

Радыкальны паварот “заходняга мысьленьня”, пазначаны фактам канстытуяваньня неклясычных тыпаў філязафаваньня, ажыцьцяўляўся за кошт апазыцыі да ўнівэрсалізму й засваеньня катэгорыяў “разрозьненьня” — “іншага”, “адрознага”, “інакшага”, “ідэнтычнага”, “аўтэнтычнага”, “сытуацыйнага”, “маргінальнага”, “прагматычнага” й да т.п. Фактычна ўвесь гэты катэгарыяльны шэраг так ці інакш зьвязаны з паняткам кантэксту, зразуметага, праўда, у розных тэрмінах — як “неўсьвядомленае”, “архетыпнае”, “паўсядзённае”, “чужое” й да т.п. Такім чынам, панятак кантэксту выявіўся “вірусным” для клясычных спосабаў мысьленьня й пабудовы дыскурсаў, зьнішчаючы іх знутры, хаця многія зь іх і спрабавалі захаваць сувязь з унівэрсальнасьцю “эўрапейскасьці” ейнымі атрыбутамі.