Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 133

Невядомы

Клясычным прыкладам зрэалізаванасьці такой магчымасьці зьяўляецца Лацінская Амэрыка, дзе такога кшталту ідэнтыфікацыя “расьцягнулася” на некалькі стагодзьдзяў, што (вось жа насамрэч, няма ліха без дабра) дазваляе прасачыць па кроках дынаміку ўсяго працэсу — па-першае, а, па-другое, ацаніць чысьціню экспэрымэнту, бо на гэтыя працэсы амаль ня ціснуў цяжар страчанага мінулага, заўсёднае апэляваньне да якога ў розных нацыянальна-ідэнтыфікацыйных эўрапейскіх стратэгіях “адраджэнцкага” кшталту значна “зацямняла” сутнасьць справы.

Мадэльнай ёсьць і беларуская сытуацыя, дзе асаблівую цікавасьць выклікаюць працэсы апошняй траціны 20-га стагодзьдзя. Гэтыя працэсы вызначаюць яе як “месца сутыкненьня” й рэалізацыі розных стратэгій і праектаў, створаных як “цэнтрам” (нават “цэнтрамі”), так і “кантэкстам”. І тыя, і іншыя шматкроць перафармулёўваліся, але ніводная варыяцыя не дасягала пастаўленых мэтаў: прынамсі, ніводзін з прапанаваных праектаў ня можа быць названы завершаным ці вычарпаным. Паказальна, зь якой лёккасьцю і мінімальнай прадуктыўнасьцю зьмянялі адзін аднаго “кантэкстныя” беларускія праекты апошніх дзесяцігодзьдзяў 20-га стагодзьдзя — крыўскі, ліцьвінскі, яцьвяскі, розныя вэрсіі адраджэньня й г.д. Ужо зыходзячы з гэтага, можна сьцьвярджаць, што аналізаваны і рэфлексаваны намі беларускі кантэкст ня можа быць адэкватна асэнсаваны ў якойсьці адной з ужо вядомых пэрспэктываў, бо напрыканцы 20-га стагодзьдзя гэты кантэкст выразна выявіўся як шматузроўневы і гетэрагенны. Патрабуецца як мінімум сумяшчэньне розных пэрспэктыў і бязьлітасная крытычная экспэртыза іх, што, аднак, ніякім чынам не павінна азначаць адкіданьня ўжо напрацаванага, з аднаго боку, і ігнараваньня кантэкстуальнасьці — з іншага. Бо менавіта кантэкстнасьць і ёсьць тым “месцам”, дзе варта шукаць адказаў.

З найважнейшых аспэктаў, якія па-ранейшаму вызначаюць сутнасьць падзеяў “тут”, варта прааналізаваць, па-першае, факт працяглай прысутнасьці, і больш за тое, убудаванасьці ў сам кантэкст “лініі расейскасьці”, а, па-другое, нацыянал-пабудоўчыя стратэгіі й праекты, якія канстытуюць сам кантэкст (але так і не дасягнулі сваіх канчатковых мэтаў) і, больш за тое, увесь час падлягаюць астракізму ўнутры свайго ж, іх спараджальнага, кантэксту (!!!).

“Лінія расейскасьці” ў беларускім кантэксьце рэпрэзэнтуецца шэрагам сумяшчальных вэрсіяў, кожная зь якіх мае сваіх адэптаў. Ключавым для іх разуменьня зьяўляецца тэзыс пра зыходную тоеснасьць і неразрозьнівальнасьць уласна рускага й беларускага, кантэкстуалізацыя якога сталася магчымай з прычыны гістарычна паўсталай “сапсаванасьці” агульнага пачатку (праз г.зв. літоўскае заваяваньне, польскую й каталіцкую экспансіі й г.д.). Другі ключавы пункт амаль усіх вэрсій гэтага тыпу — дыскурс “вызваленьня” (што блякуе магчымую каляніялісцкую інтэрпрэтацыю), так ці іначай пераплецены з дыскурсам “выпраўленьня” (вяртаньня да сапраўднай аўтэнтычнай ідэнтычнасьці — славянскай, праваслаўнай і г.д.). Трэці — міталягізацыя “агульнага гістарычнага мінулага”, “непадзельнасьці лёсаў” і г.д., што непазьбежна суправаджаецца сэлектыўным кантролем гістарычных рэканструкцый. Варта адзначыць і практычна непарыўную сувязь гэтых вэрсіяў зь непрызнаньнем статуснасьці беларускай мовы (як мінімум імкненьнем звузіць сфэры яе ўжываньня пэрыфэрыяй і межамі “культурных гета”). Такім чынам, гэта ўсё тая ж арыентацыя на ператварэньне інакшага ў сваё іншае. Пры гэтым цьвярозы аналіз вымагае зыходзіць з прызнаньня частковай зрэалізаванасьці гэтай стратэгіі ў беларускім кантэксьце, што робіць зразумелым, чаму раскрыцьцё шмат якіх фактаў уплеценасьці ў “расейскую лінію” элемэнтаў наўпроставага гвалту, выразнай каляніяльнай палітыкі, “русыфікацыі” (культурніцкага нівэляваньня) і г.д. не адыграла сваёй ролі ў спробах перафармуляваньня беларускага кантэксту.