Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 130

Невядомы

Пасьлядоўна й па розных вэктарах дыскрэдытуючы “адзінамагчымасьць” і саматоеснасьць традыцыйных навуковых і філязафічных дыскурсаў, плюралізуючы сам панятак рацыянальнасьці й прывязваючы яго да культурнага грунту, эўрапейскае неклясычнае мысьленьне, тым ня менш, застаецца імпліцытна зьвязаным з унівэрсалісцкай устаноўкай. Яно намагаецца знаходзіць сваё “іншае” ўнутры самога сябе, узнаўляючы яго найперш з таго, што раней ім жа самім маргіналізавалася й што мела статус нязначнай кантэкстуальнасьці. Усё гэта азначае, што хаця кантэкст і пачынае заўважацца, ён усё ж застаецца схаваным за ўнівэрсальнасьцю, рэдка стаецца асноўным прадметам досьледаў і радыкалізуецца перш за ўсё як іншая цывілізацыйная ўнівэрсальнасьць.

5

Неактуалізаванасьць праблематыкі кантэкстуальнасьці зьвязана, на наш погляд, са станаўленьнем эўрапейскага ўнівэрсалізму найперш у рэгіёнах, якія сталіся наўпроставымі спадкаемцамі “пасьлядоўных” вэрсіяў рыма-антычнага, католіка-хрысьціянскага, рэнэсанснага, контррэфармацыйнага, асьветніцкага ўнівэрсалізмаў, што забясьпечыла, апрача ўсяго, і адносную “натуральнасьць” этнакультурных самаідэнтыфікацый, у якіх уласна нацыянальныя кантэксты наўпрост зьвязваліся з унівэрсальнымі, і з гэтай прычыны слаба рэфлексаваліся (брытанскае, напрыклад, лічылася ледзь не сынонімам унівэрсальнага й узорнага, і наадварот — унівэрсальнае наўрад ці магло быць “небрытанскім”). Пры гэтым вялася няспынная барацьба паміж дзяржавамі сьвету за права рэпрэзэнтаваць эўрапейскі “цэнтар”.

Цалкам адметны выпадак уяўляюць зь сябе тыя інтэлектуальныя традыцыі, што былі “далучаны” да ўнівэрсальнасьці, але ніколі сутнасна не належалі да “ейнага абшару”, бо былі створаны ў зусім іншых (інакшых) соцыякультурных і гістарычных кантэкстах, хаця ўвесь час і знаходзіліся ў зоне ўплыву цэнтру. Гэта непазьбежна рабіла кантэкст (кантэкстнасьць і кантэкстуальнасьць) праблемай іхнай уласнай рэфлексіі. Патрапленьне праблематыкі кантэксту (менавіта як інакшага, а ня проста іншага) у цэнтар увагі й ператварэньне яго ў асноўнае “месца прыкладаньня намаганьняў” прынцыпова расколвае нацыянальную культурную традыцыю й прадукаваныя ёю нацыянальныя самаідэнтыфікацыі. У такой традыцыі зьяўляюцца ўмоўныя “заходнікі”, якія, усьведамляючы інакшасьць уласных кантэкстаў, бачаць у іх крыніцу пэрыядычнай “пэрыфэрыізацыі” й/ці “маргіналізацыі”. Адсюль паўстае стратэгія вынішчэньня адметнасьцяў, арыентацыя на па-за кантэкстныя ўзоры. Але ў той жа культурнай традыцыі зьяўляюцца й умоўныя “почвенники”, якія менавіта ў інакшасьці бачаць падставу для арыгінальнасьці прадукаваных рэфлексій, крэатыўнага патэнцыялу ўласнай культуры. На поўную моцу гэтая дылема выяўляе сябе ў выпадках узмацненьня “экспансіянізму” культуры, што прэтэндуе на якую-кольвечы ўсясьветную місію.