Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 128

Невядомы

А таму далей пад кантэкстам будзем разумець арганізаваную сукупнасьць тых падзеяў, якія спараджаюць новыя сэнсы й значэньні, што, у сваю чаргу, зьмяшчаюцца ў нейкі ўнівэрсальны (запазычаны “з цэнтру”, кананічны) тэкст і прынцыпова супрацьпастаўляюцца ў ім тым падзеям, якія, прыўнесеныя ў гэты тэкст сытуацыяй яго спараджэньня, засталіся неадрэфлексаванымі “цэнтрам”, але сталіся выяўленымі, распазнанымі, зьмененымі ці замененымі, дзякуючы іншай падзейнасьці “месцаў знаходжаньня” ўмоўна/нібыта пэрыфэрыйнага чытача.

З іншага боку, пераінтэрпрэтацыя традыцыйнага разуменьня кантэксту паклікана акцэнтаваць яго дэканструювальную ролю адносна канону ўнівэрсальнасьці. Выяўляючы сваю залежнасьць ад кантэксту, тэкст пачынае ўжо сьведчыць пра сваю інварыянтна-варыятыўную (з акцэнтам на варыятыўнасьці) прыроду. Робіцца відавочным, што ён утрымлівае ў сабе сэнсы й значэньні, прыўнесеныя ў яго кантэкстам ягонага стварэньня, якія былі “патопленыя” й неадрэфлексаваныя ў ім, але якія адразу ж выяўляюцца, як толькі тэкст патрапляе ў дэцэнтравальны да яго кантэкст іншай культуры. Апошні імкнецца замяніць непрымальныя для яго сэнсы й значэньні сваімі ўласнымі, што вядзе да значных трансфармацыяў першапачатковага тэксту. Напэўна, можна казаць нават пра тое, што мы пачынаем мець справу з істотна іншым у выніку ягоных зьменаў тэкстам (добрай ілюстрацыяй у гэтым сэньсе зьяўляецца паэтычны пераклад). Крэольства якраз і дазваляе заняць гэтую шуканую пазыцыю ўмоўна пэрыфэрыйнага чытача, зануранага ў іншасьць (не адразу рэфлексаванай як такая нават ім самім), што дазваляе выявіць іншае ў тэксьце “цэнтру”, выправіць ці замяніць яго сваім іншым-інакшым, утрымліваючы пры гэтым асноўны інварыянтны зьмест тэксту.

4

Зыходзячы з праробленага аналізу, паўстае два ўзаемазьвязаных пытаньні — чаму эўрапейскае мысьленьне доўгі час не выяўляла “свайго іншага/інакшага” й чаму апошняе апынулася даволі празрыстым для “староньняга вока”. Пошукі адказаў на іх, у сваю чаргу: 1) выяўляюць непарыўную сувязь паміж праблематыкамі кантэксту (кантэкстнасьці й кантэкстуальнасьці) і нацыянальнымі самаідэнтыфікацыямі мысьлярных і дзейсных суб’ектаў; 2) даюць магчымасьць зразумець крэольства як першасную (іншую/інакшую ў плашчыні зададзенай тоеснасьці “эўрапейскага цэнтру”), але недастатковую нацыянальна-культурную самаідэнтыфікацыю.