Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 127

Невядомы

Калі адысьці ад скрайнасьцяў, пазначаных вышэй, абодвух накірункаў і паспрабаваць адрэфлексаваць разгляданую праблематыку з пазыцыі мэтадалягічных установак сацыялёгіі веды, то выяўляецца, што ўнівэрсалізаваны панятак кантэксту можна разглядаць як ключавы для разуменьня спараджаных у тых ці іншых абставінах тэкстаў і дыскурсаў, а таксама зьвязаных з гэтымі тэкстамі й дыскурсамі ідэнтыфікацый (у тым ліку крэольскай). Кантэкст у дадзеным выпадку належыць ужо не да тэксту, а да спараджальных яго стратэгіяў мысьленьня й выступае ні чым іншым, як шуканым “месцам знаходжаньня”. І як такі, ён набывае шмамтмернасьць і няпэўнасьць свайго зьместу, бо кожнага разу паўстае пытаньне: “А пра што, уласна кажучы, вядзецца ў дадзеным выпадку?”. Тады традыцыйна характарызаваныя стасункі тэксту й кантэксту (у якіх апошні трактуецца як квазізнакавы фэномэн, што надае тэксту дадатковыя значэньні/сэнсы) стаюцца ня больш, чым адной з магчымых інтэрпрэтацыяў гэтых стасункаў.

У іншым жа разуменьні панятак “кантэкст”дазваляе фіксаваць экспрэсіўна-сэмантычную цэльнасьць тэксту — сэнс і значэньні якога для кожнага інтэлектуальнага прачытаньня выяўляюцца адытыўнымі адносна сэнсаў і значэньняў сумы складальных яго лінгвістычных адзінак. Зьмяшчэньне гэтага тэксту “ўнутр” нейкай тэкставай цэльнасьці й/ці разгляд яго “на тле” такой цэльнасьці стварае эфэкт супэрадытыўнасьці. Постструктуралісцкія вэрсіі аналізу якраз і выяўляюць цікавасьць да эфэктаў супэрадытыўнасьці. У іх тэкст зьвязаны найперш не з аўтарам і кантэкстамі стварэньня, а з чытачом, зь ягоным досьведам і сэнсамі.

У нашым аналізе ў якасьці кантэксту выступае стан крэольства й спараджаная на працягу чытаньня гэтага кантэксту сытуацыя крэольскасьці (шырэй і крыху ў іншым асьпэкце — посткаляніяльнасьці й/ці постімпэрскасьці), у якіх і адбываецца засваеньне створанага ў мэтраполіі тэксту, а галоўнае — схаваных за ім мэнтальнасьцяў і мысьліўных стратэгіяў. Пры гэтым сам тэкст (тэкст, створаны ў мэтраполіі) паўстае ў дачыненьні да крэола адначасова й як рэпрэсіўны, бо ён зь неабходнасьцю мусіць быць засвоены (да прыкладу, праз сыстэму адукацыі), і як аб’ект жаданьня, паколькі толькі абавязковае засваеньне гэтага недасяжнага ўзору зьяўляецца неабходнай умовай сучаснасьці мысьленьня. Тэкст у дадзеным выпадку набывае ўласьцівасьці нейкага ўнівэрсальнага канону, а кантэкст ад пачатку вызначаецца (канструюецца й канстытуецца) як тое, што прадукуе “непаўнавартасьць” мысьленьня, як тое, чаго не павінна быць, ці як тое, што належыць пераадолець.

Пры гэтым крэольскі кантэкст ацэньваецца “з цэнтру” й шмат у чым успрымаецца самім крэолам як няісны, альбо як той, што імкнецца да нябыту (і ў гэтым сэнсе “пусты”), бо сапраўднасьць і поўніца быцьця па вызначэньні належаць толькі “цэнтру” (“эўрапейскасьці”). У той самы час гэты кантэкст зьяўляецца для крэола асноўным, а часта й адзіным (як з прычыны таго, што ня кожны абавязаны бываць і бываў у “цэнтры”, так і з прычыны таго, што “цэнтар” уводзіць абмежаваньні на патрапленьне крэолаў у эўрапейскія кантэксты). У гэтым другім вымярэньні навязана-жаданы тэкст так ці іначай выклікае “крэольскі супраціў”, апэлюе да рэфлексіі кантэксту — з аднаго боку, а з іншага — кліча да жыцьця новыя, вычытваныя з канону сэнсы. Таму тыя ж “тутэйшыя генэалёгіі” хоць і будуюцца па запазычаным ці навязаным узоры (які, да ўсяго, яшчэ й нельга пераўзысьці), як правіла, ацэньваюцца з “цэнтру” як другасныя, што толькі дэманструюць нейкую “туземную экзотыку”. Аднак для сытуацыі, якая выклікала іх да жыцьця, яны маюць бясспрэчна культурна-крэатыўны сэнс, бо насамрэч зьяўляюцца пераадоленьнем стану тутэйшасьці, фіксаванай прасторава й ніяк інакш.