Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 126

Невядомы

3

Разгледжаныя вышэй вэрсіі “крэольскасьці” й “крэольства” дазваляюць, між тым, адзначыць сувязь крэольскасьці й крэольства з такімі праблемамі, як:

1) нацыянальная ідэнтычнасьць і ідэнтыфікацыя;

2) узровень нацыянальнай самасьвядомасьці й спосабы ейных тэкстава-дыскурсіўных і праксысных выяваў;

3) асаблівасьці быцьця “тут”, у сваёй падзейнасьці;

4) супрацьстаўленьне “цэнтру” й “пэрыфэрыі”, мяжы, што аддзяляе “тут” ад “там”;

5) рэпрэсіўнасьць і адначасовае жаданьне таго, што “там” адносна “тут”;

6) падвоенасьць, антынамічнасьць, неадназначнасьць ўсіх суб’ектных самавызначэньняў;

7) прасторава-тутэйшы, а не часавы характар гэтых самавызначэньняў;

8) пераплеценасьць рэфлексіўных, культурных, сацыяльных і асобасных вымярэньняў у гэтых самавызначэньнях.

Па сутнасьці, ува ўсіх гэтых выпадках гаворка вядзецца пра прывязанасьць да “месца знаходжаньня” (што й зафіксавана Дусэлем), якое мае розныя вымярэньні, спосабы й ступень выяўленасьці ў мысьленьні-рэфлексіі й ідэнтыфікацыях-ідэнтычнасьцях, фіксаваных у адпаведных тэкстах і дыскурсах. Пры гэтым крэольства зьяўляецца адным з даволі ўнівэрсальных спосабаў гэтага “знаходжаньня”. Такім чынам, разуменьне крэольства й крэольскасьці звязана з аналізам таго, што вышэй было пазначана як “месца знаходжаньня”.

Фактычна тут вядзецца пра тое, што можна пазначыць тэрмінамі “кантэкст” і “кантэкстнасьць” (“кантэкстуальнасьць”). Паняткава “кантэкст” прынята лучыць з “тэкстам”. Аднак у дадзеным выпадку маецца на ўвазе пераінтэрпрэтацыя, зьвязаная з канцэптуальнай схемай “гісторыі ідэяў”.

Адным з улюбёных пастулатаў накірунку “гісторыі ідэяў” зьяўлялася вытрыманае ў духу плятанізму цьверджаньне пра тое, што аніякая ідэя не залежыць ад кантэксту свайго “нараджэньня”; раней ці пазьней яна зь непазьбежнасьцю ўсё адно выявіла б сябе. У нашым выпадку, аднак, найбольшую цікавасьць уяўляюць зь сябе тыя мэтамарфозы, што адбыліся з тэрмінамі “кантэкст”, “кантэкстнасьць” і “кантэксктуальнасьць” у розных накірунках экстэрналізму, які сьцьвярджае, што соцыякультурным і гістарычным кантэкстам належыць вырашальная роля ў зьяўленьні той ці іншай ідэі.