Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 125

Невядомы

Па іншаму разглядае тое самае кола праблем Дусэль, які акцэнтуе ўвагу на праблематыцы разрозьненьня ўнівэрсальнага й кантэкстнага. Іначай — на аналізе суадносінаў тоеснасьці й татальнасьці — з аднаго боку, і Іншага й Інакшага — з другога. Паводле Дусэля, “цэнтар” прадукуе “онталёгію татальнасьці”, ці “філязофію тоеснасьці”, у якой прысутнічае інтэнцыя да зьняцьця кантэкстуальнага“іншага”; у той жа час для “інакшага” (таго, што месьціцца па-за татальнасьцю) папросту не застаецца месца — бо “па-за” можа быць толькі “пустэча”. Татальнасьць зь непазьбежнасьцю ўзнаўляе адносіны панаваньня й падпарадкаваньня, прыгнёту й залежнасьці, расколваючы крэольскасьць, якая месьціцца па-за “цэнтрам”. Адносна крэольскасьці яна імкнецца пераўвасобіць сябе ў аб’ект жаданьня для яе. Таму зьмяніць наяўны стан рэчаў можна толькі праз пасьлядоўную крытыку жаданага, што адно толькі й можа стацца асновай для ўзнаўленьня-зьяўленьня кантэкстуальнага — праз “інакшае” Інакшага пры канстытуяваньні бясконцасьці Іншага. Аднак такому Іншаму няма паўнавартаснага месца ў “філязофіі тоеснасьці”, што, на думку Дусэля, выявіла дыялёгічная філязофія Э.Левінаса. Іншае можа паўстаць толькі ў выніку дыскурсу й праксісу вызваленьня, а такую магчымасьць супрацьстаяньня татальнасьці дае адно “барбарства трэцяга сьвету” як Інакшае “цывілізаванасьці цэнтру”, якое дазваляе “прачытаць Эўропу з Лацінскай Амэрыкі”.

Нарэшце, трэцяя й найбольш актуальная ў цяперашні час вэрсія пераінтэрпрэтацыі крэольскасьці належыць колу ўкраінскіх інтэлектуалаў 90-х гг. ХХ ст. на чале з М.Рабчуком. Разгляданая тэрміналёгія была прапанавана для пазначэньня й выяўленьня характарыстык той часткі ўкраінскага грамадзтва, якая, палітычна арыентуючыся на незалежнасьць краіны, напоўніцу не прыняла ідэі “ўкраінскасьці”. Гэта дазволіла вызваліцца ад бінарных апазыцый пры аналізе ўкраінскай сытуацыі (асноўная зь якіх — украінамоўныя-расейскамоўныя), увёўшы ў “поле гульні” трэцюю сілу — крэольства, а тым самым і стварыць на ўзроўні соцыякультурных кодаў новыя магчымасьці для аналізу сучасных нацыянальна-культурных працэсаў. У цэлым, захаваўшы ідэнтыфікацыйную спэцыфіку паняткавага шэрагу й адкрыўшы ягоныя новыя эўрыстычныя магчымасьці для постсавецкай (постімпэрскай) прасторы, гэтая пераінтэрпрэтацыя адкрыла й пэрспэктыву пабудовы дзейснага сацыяльна-аналітычнага інструмэнтарыя. Скіраванасьць на сацыялягізацыю праблематыкі асабліва відочная ў беларускіх пасьлядоўнікаў. Аднак ужываненьне канцэпту крэольства (нават дакладней — тэрміну “крэол”) для аналізу сацыяльна-палітычных працэсаў Беларусі прывяло да рэзкага звужэньня ягоных эўрыстычных магчымасьцяў. Да таго ж, калі ў Рабчука ў поўнай адпаведнасьці “з традыцыяй” акцэнтуецца падвойная й неадназначная прырода крэольства, то ў беларускім кантэксьце адбыліся “спрашчэньне” панятку. “Крэолы” вызначаюцца ў гэтым выпадку як “носьбіты данацыянальнай ідэнтычнасьці”, “культурна непаўнавартасныя”, “псыхалягічна няўстойлівыя”, “аснова стабільнага аўтарытарызму” й г.д. Тым самым заяўляецца ня проста антыкрэольская пазыцыя, а нішто іншае, як інавэрсія тэзы пра народ, зь якім “не пашчасьціла”. Паказальна, што паралельна стала высоўвацца ідэя новага беларускага нацыяналізму як арыстакратычнага па духу праекту. Пакідаючы ўбаку разгляд прадуктыўнасьці гэтых тэзаў, варта зьвярнуць увагу на тое, што яны ўзнаўляюць у іншых кантэкстах старую лацінаамэрыканскую спрэчку паміж кансэрватарскім і цывілізацыйным праектамі, гэта не заўважаецца самімі беларускімі адэптамі пэўнага кола ідэй. Так і хочацца запытацца: “Дык хто ж усё ж такі крэол?”