Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 124

Невядомы

Складваньне крэольскага нацыяналізму ішло, згодна з Андэрсанам, празь “перажываньне адначасовасьці”, што, па сутнасьці, азначае трансфармацыю прасторы (прыналежнасьці кантэксту) у часавую адначасовасьць (усьведамленьне сваёй прыналежнасьці да цэльнасьці, якая доўжыць сябе зь мінулага празь цяперашняе ў будучыню), г.зн. праз канстытуяваньне кантэкстнай генэалёгіі ў суаднясеньні з унівэрсальнай праектнай пэрспэктывай, што адкрываецца наперадзе. Такая трактоўка дазволіла Андэрсану скарыстаць разгляданы канцэптуальны апарат адносна некаторых іншых посткаляніяльных сытуацый, адкрываючы тым самым магчымасьць для далейшых рэінтэрпрэтацый аналізаванай праблематыкі.

Іншая, менш вядомая, але больш распрацаваная вэрсія ўнівэрсалізацыі “крэольскага” была канцэптуалізавана “філязофіяй лацінаамэрыканскай сутнасьці”, а пасьля пераканстытуявана ў “філязофіі вызваленьня”. Найбольш рэпрэзэнтатыўныя ў гэтым сэнсе постаці мэксыканца Л.Сэа й аргентынца Э.Дусэля.

Сэа зыходзіў з тэзы пра суразьмешчанасьць розных сэнсавых ідэнтыфікацыйных зьместаў у лацінаамэрыканскіх кантэкстах, дзе розныя тыпы дыскурсу не зьмяняюць адзін аднога ў часе, а працягваюць суіснаваць з папярэднімі. Вытокі гэтай сытуацыі Сэа бачыць у не-(да)-вырашанасьці задач культурна-нацыянальнай ідэнтыфікацыі падчас крэольскага пэрыяду лацінаамэрыканскай гісторыі, у падвойнасьці самой прыроды крэольскасьці, у няздольнасьці крэольства адэкватна адрэфлексаваць і канцэптуальна аформіць сваю кантэкстнасьць як роўную іншым. З гэтай прычыны выявіўся як зьмястоўна пусты й утапічна лібэртальны (палітыка-вызвольны) праект С.Балівара. З гэтай жа прычыны прынцыпова не маглі зрэалізавацца як ахоўна-крэольскі (кансэрватарскі), гэтак і анты-крэольска-скіраваны цывілізацыйны праект. Найбольш рэпрэзэнтатыўнай постацьцю кансэрватарскага праекту быў вэнэсуэлец А.Бельо, які зыходзіў з тэзы пра магчымасьці набыцьця сапраўднай ідэнтычнасьці толькі на аснове пераінтэрпрэтацыі посткаляніяльнай гішпанскай культурна-інтэлектуальнай спадчыны (што й спарадзіла ў межах гэтага праекту тэзыс пра “негішпанскую гішпанскасьць”). Супрацьлеглы па скіраванасьці быў праект, артыкуляваны Д.Сарм’ента. У ягонай канцэпцыі “барбарства й цывілізацыі” “барбарства” атаясамлялася з крэольскай посткаляніяльнай спадчынай з прычыны ейнае кантэкстуальнай (у тым ліку й мэтыснай) непаўнавартасьці. “Барбарству” супрацьстаўляліся ўнівэрсалісцкія каштоўнасьці “цэнтру”, засваеньне якіх толькі й можа закласьці сапраўдны падмурак лацінаамэрыканскай ідэнтычнасьці (пры гэтым “гішпанскае” таксама ацэньвалася як пэрыфэрыйна-кантэкстуальнае адносна “цэнтру”, які рэпрэзэнтавала “францускае” й/ці “паўночнаамэрыканскае”). Толькі ХХ ст., лічыць Сэа, прымусіла Лацінскую Амэрыку зьвярнуцца да ўласнай сутнасьці, спарадзіўшы, урэшце рэшт, праект вызваленьня як праект набыцьця ўласнай культурна-інтэлектуальнай паўнавартасьці, зьнішчыўшы тым самым крэольскасьць знутры яе самой.