Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 123

Невядомы

Этналягічны аспэкт крэольскасьці, які выяўляўся ў спэцыфічнасьці сацыяльна-палітычнага статуснага стану (перабываньне ў “крэольстве”), ледзьве не адразу пачаў дапаўняцца й зьлівацца з культуралягічным аспэктам. Утвараліся г.зв. “каляніяльная культура” й “каляніяльныя стылі”, якія прытрымліваліся пэўнага імпартаванага ўзору, аднак былі дастаткова аўтаномнымі і арыгінальнымі ў параўнаньні зь ім (у якасьці найбольш раньняга й выразнага прыкладу можна ўзгадаць гэтак званае лацінаамэрыканскае “крэольскае барока”). З гледзішча “цэнтру” (“чалавека мэтраполіі”), яны часьцей за ўсё кваліфікаваліся як праявы пэрыфэрыйнасьці, стылёвай зьніжанасьці, культурнай непаўнавартасьці, нават “барбарства”. З гледзішча ж самой “пэрыфэрыі” (“крэола”), яны выяўлялі перш за ўсё адметнасьць і непаўторнасьць “мясцовага”, “лякальнага”, “кантэкстнага”, а тым самым прыстасаванага да жыцьця “тут”. Такім чынам, у культурніцкім вымярэньні крэольскасьць была, з аднаго боку, сутнасна падвойным фэномэнам (у шэрагу выпадкаў можна казаць і пра ейную расколатасьць), а з другога — канстытуяваным і выяўленым праз факт прыналежнасьці да пэўнай культуралізаванай прасторы.

Злучэньне этналягічнага й культуралягічнага аспэктаў спараджала спэцыфічны тып нацыянальных самаідэнтыфікацыяў і самасьвядомасьці/самаўсьведамленьня, падвойных у самой сваёй аснове. У выніку такога самаўсьведамленьня індывід ніколі ня быў роўны самому сабе, а калі ён гэтага не заўважаў ці не хацеў заўважаць, то знаходзілася шмат сытуацый, шляхоў, сродкаў і ахвотных нагадаць яму пра гэта. Крэол непазьбежна ўзнаўляўся ў сваёй “негішпанскай гішпанскасьці”, у сваёй тоеснасьці-нятоеснасьці жыхару мэтраполіі, г.зн. у крэольскасьці. Таму ўяўляецца, што гэты тып ідэнтыфікацый ёсьць дастаткова ўнівэрсальным і выходзіць далёка за межы крэольства (г.зн. можа быць скарыстаны для аналізу тыпалягічна блізкіх, хаця й з іншым генэзысам, сытуацый).

Лацінаамэрыканская сытуацыя цікавая найперш тым, што дазваляе прасачыць мэтамарфозы ідэнтныфікацый у працэсуальнай дынаміцы. У ёй нарастаньне разрозьнівальнасьці ў ідэнтыфікацыйным самаатаясамленьні набыло незваротны характар і завяршылася поўнай зьменай культурна-нацыянальнай ідэнтычнасьці на аснове ўнутранага пераадоленьня крэольскасьці, а не ў выніку яе “ліквідацыі” пад узьдзеяньнем зьнешніх прычынаў. Рэфлексія рознасьцяў-разрозьненьняў як “іншага” ўнутры эўропа(гішпана)-цэнтраванай цэльнасьці прывяло да канстытуяваньня “іншага” (лацінаамэрыканскага) адносна гэтай цэльнасьці.

2

Сказанае вышэй дазваляе, на наш погляд, пашырыць традыцыйнае ўжываньне тэрмінаў “крэол”, “крэольскасьць”, “крэольства” й напоўніць іх новым канцэптуальным зьместам. Можна назваць як найменш тры ўжо зьдзейсьненыя спробы такой пераінтэрпрэтацыі.

Найбольш вядомая зь іх належыць Б.Андэрсану. Ён вылучыў тэзу пра асобны тып крэольскага нацыяналізму, адрознага ад двух іншых — афіцыйнага й моўнага, якія дамінавалі ў эўрапейскім “цэнтры”. Апошнія ня мелі каранёў у лацінаамэрыканскіх кантэкстах як з прычыны адсутнасьці на той момант сувэрэнных дзяржаваў, гэтак і з прычыны таго, што крэолы карысталіся тымі ж мовамі, што й жыхары мэтраполіі. (Рэдкім выключэньнем зьяўляецца спроба Х.Альбэрці заманіфэставаць асобную аргентынскую мову.) Моўныя праблемы, як і праблемы асобнага этнаснага паходжаньня (хаця пазьней і канстытуяваліся генэалёгіі, якія ўзводзілі “лацінаамэрыканскае” да “індэйскага”) не маглі выступаць як фактары, што канстытуюць нацыю. Апрача таго, сам нацыяналізм ня мог быць зразуметы як “прыўнясеньне нацыянальнай сьвядомасьці ў масы”. Для такога нацыяналізму не было ніякай субстратнай падасновы, акрамя пэўнай рэгіянальнай самадастатковасьці, якая склалася на аснове адміністрацыйнай і эканамічнай агульнасьці.