Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 122

Невядомы

7. Дапусьцім, што мера ўплыву разумнага рашэньня на будучыню вызначаецца ступеньню супадзеньня зьместу тэлеалягічнай, ацэнкавай і прагнознай частак рашэньня эмпірычна ўстаноўленай, рэалізаванай і зьдзейсьненай будучыні, пры выкананьні патрабаваньняў і ўмоваў прадпісальнай і канстатавальнай частак рашэньня. (Онталягічныя схемы ў СМД падыходзе.)

8. Нам давядзецца дапусьціць магчымасьць некалькіх разумных рашэньняў для аднаго пытаньня з прычын: апрыёрнай непаўнаты любых ведаў, якія ўяўляюць зь сябе матэрыял для прыняцьця рашэньня; наяўнасьці разнастайных мэтадаў і падыходаў у прыняцьці рашэньняў; разнастайнасці мэт у тых, хто іх прымае. (Гёдэль, К. Пэпэр, І Хінтыка, В Ляфэўр.)

9. Нам давядзецца дапусьціць адрозьненьні паміж рознымі разумнымі рашэньнямі й нават супрацьлегласьць іх адно адному. (І.Кант і ўсё, што пасьля Канта).

10. Нам давядзецца дапусьціць лякальнасьць і частковасьць усіх разумных рашэньняў з прычыны іхнага мноства, а значыць і немагчымасьць уліку ды прагнозу ўсіх наступстваў рэалізацыі. (К.Попэр, А.Ф.Хаек, дэвіз канцэпцыі “ўстойлівага разьвіцьця”: “Думаць глябальна, дзейнічаць лякальна”.)

11. Нам давядзецца дапусьціць незалежнасьць адна ад адной ацэнак ісьцінасьці й разумнасьці рашэньняў і ацэнак плёну, які чакаецца ад іх рэалізацыі. (І.Кант і нэакантыянцы.)

1994 г.

Крэольства й праблема нацыянальна-культурнай самаідэнтыфікацыі

1

Паняткі “крэольства” й “крэольскасьці” (як і тэрмін “крэол”, ад якога яны паходзяць) не зьяўляюцца ўнівэрсальнымі ў культуралягічных аналізах. Яны дастаткова жорстка прывязаны да пэўных навуковых дысцыплінарнасьцяў, тыпаў дыскурсіўнасьці й практык сацыяльных узаемадзеяньняў. Выхад за гэтыя межы й шырокае некрытычнае апэраваньне гэтымі тэрмінамі ў сучаснай беларускай соцыякультурнай сытуацыі, закліканы, магчыма, падкрэсьліць ейны посткаляніяльны (і/ці постімпэрскі) характар, толькі зацямняе існы стан рэчаў і дэканцэптуалізуе рэальныя зьместы гэтых паняткаў, што вядзе да страты іхнай эўрыстычнай каштоўнасьці ў тэарэтычнай і мэтадалягічнай рэфлексіі.

Тэрмін “крэол” (фр. creole ад гішп. criollo) паўстаў у практыках узаемаадносінаў жыхароў каляніяльных імпэрый (першапачаткова — Гішпаніі) для пазначэньня асобаў, народжаных па-за тэрыторыяй мэтраполіі (ад пачатку — у Амэрыках), што надавала апошнім няроўны (найперш сацыяльна-палітычны) статус адносна асобаў, народжаных у мэтраполіі. Няроўнасьць статусаў і магчымасьцяў магла замацоўвацца юрыдычна, але часьцей за ўсё выяўлялася, паводле фактаў, як тое, што мае быць. У той самы час прыналежнасьць да крэолаў вымагала наяўнасьці эўрапейскага паходжаньня (прынамсі, тэарытычна, бо зноў жа, “паводле фактаў”, да іх належала й частка мэтысаў). Тым самым канстытуяваўся стан “крэольскасьці” як стан падвойнасьці, памежнасьці й маргінальнасьці ў нейкай прасторы “паміж”. Па меры станаўленьня новых каляніяльных краінаў “расавы” складнік слабеў (хаця ніколі не зьнікаў цалкам), а “тэрытарыяльны” ўзмацняўся, акцэнтуючы ўвагу на “тутэйшасьці” іхных носьбітаў. Гэта рабіла прыналежнасьць да пэўнага тэрытарыяльнага кантэксту, лякальнай сытуацыі, мясцовай падзейнасьці калі не вызначальнай, то дамінантнай у самаідэнтыфікацыях нэабарыгеннага насельніцтва калёніяў.