Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 79

Васіль Быкаў

— Іваніо! — раптам ажывела ўсклікнула яна. — Давай манджаре хляб. Ест хляб.

Яна дастала з кішэні абкрышаную іх пайку і з нечаканаю радасцю ў сумных вачах разламала яе напалам.

— На, Іваніо!

Ён узяў. Гэта быў болылы кавалак, чым той, што застаўся ў яе, але ў гэты раз Іван не стаў дзяліцца-мерацца — цяпер гэта было не так важна. З вялікаю і незразумелаю асалодаю яны праглынулі хлеб — апошнюю рэштку свайго прыпасу, які хлопец ашчаджаў да Мядзведжага хрыбта, і ён з новаю самотай адчуў непазбежнасць канца. Дзіўна было, але гэтая пайка раптам здалася апошняй магчымасцю выжыць, — з’еўшы яе, яны тым самым нібыта падагулілі ўсе свае жыццёвыя клопаты, і цяпер засталося толькі адно — перабыць якія хвіліны і канчаць. Івана зноў ахапіла туга ад марнасці столькіх яго намаганняў і ў такі час! Хлопцы на ўсходзе ўжо вызвалілі родную зямлю, выйшлі да граніц Саюза, і ён не сустрэне іх, хоць так ірваўся насустрач…

Джулія ламала рукі, у роспачы аглядвала змрочныя дзікія закуткі гор і кідала кароткія позіркі на тых, што не адыходзілі, сядзелі, пільнавалі іх тут.

— Іваніо! Где ест Бог? Где ест мадонна? Где ест справьядлівост? Почему нон кара фашізм? — пытала яна, роспачна выцягваючы на каленях тонкія смуглявыя кісці.

— Ёсць справядлівасць! — прахопліваючыся ад гора, крыкнуў ён. — Будзе кара! Будзе!

— Где ест кара? Где? Энгліш? Амерікано? Советуніон?

— Так! Савецкі Саюз! Ужо ён не даруе ім гэтага! Ён паламае хрыбты гэтым сволачам!

— Да? Правда? Советуніон сілно? Правда?

— Ну, вядома.

Джулія з раптоўнай абнадзейнасцю ў вачах памкнулася да яго.

— Он карашо? Справьядліво? Благородно? Іваніо вчера говорі неправду, да? Шутіль, да?

Ён сцяўся, як ад удару, адчуўшы сэнс тых яе слоў, што вырваліся з напоўненае тугою душы, некалькі секунд напружана згадваў, а пасля, быццам у новым святле і зусім інакшым, чымсьці раней, убачыў і яе, і сябе, і далёкую сваю радзіму, і тое, чым яна была для яго ўсё жыццё і чым магла быць.

— Да! — рашуча сказаў ён. — Я жартаваў. Я хлусіў. Усё тое няпраўда. Мая радзіма — цудоўная. Добрая. Справядлівая. Лепш за яе няма. I людзі, і зямля! А што яшчэ будзе! Пасля вайны! Як павесяць Гітлера. Ты пабачыш…

У неадольнай нястрымнасці ён ірвануў з долу жорсткія на камянях нараслі моху, у душы яго ўзнялася вірлівая хваля шырокага, да болю нясцерпна-тужлівага пачуцця да сваёй далёкай краіны, падступіла да горла, сцяла. Ён болей нічога не мог сказаць, бо адчуў, што гатовы заплакаць, чаго ніколі з ім не здаралася.

Джулія, мусіць, заўважыла тое і лагодна дакранулася да яго калена.

— Зачем так шутіль? Плёхо шутіль…

— Прабач.

Але немцы нядоўга дзівіліся іхняе вольнасці — неўзабаве нехта з іх сарваў аўтамат і, не цэлячыся, выпусціў чаргу. Кулі сям-там выбілі на камянях таропкія дымкі, якія хутка падхапіў вецер. Іван тузануў Джулію за палу скуранкі, дзяўчына неахвотна ўгнулася і затуліла галаву за камень. «Страляйце, сволачы, страляйце! Хай чуюць, — падумаў ён, маючы на ўвазе лагер, у якім заўжды прыслухоўваліся да кожнага стрэлу з гор. — Хай ведаюць: яшчэ жывыя!»