Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 80

Васіль Быкаў

Некалькі хвілін яны ляжалі за каменным бар’ерам і слухалі, як над цяснінай веснавым громам грукаталі чэргі. Кулі, аднак, рэдка заляталі сюды: мусіць, немцы болей палохалі. Пасля аўтаматы змоўклі, далёка адляцеўшы, рассыпалася і яшчэ не паспела заглохнуць рэха, як аднекуль з-пад лугу данесліся новыя, вельмі знаёмыя гукі. Ускінуўшы голаў, Джулія памкнулася нешта сказаць, але Іван жэстам спыніў яе, — абое яны ўслухаліся, напружанымі позіркамі ўзіраючыся адно ў аднаго, і Іван злосна вылаяўся — за седлавінай брахалі сабакі.

Невядома, што тут сталася з хлопцам, — стоены, даўні гаеў раптоўна выбухнуў у ім. Іван усхапіўся, цяжка ўзняўся на шырока расстаўленыя хворыя ногі і стаў — угнуўшыся, страшны, раз’юшаны, безуважны да небяспекі.

— Звяры! — закрычаў ён на немцаў. — Шакалы! Самі баіцеся — памочнікаў ведзяцё! Вядзіце, ну! Пушчайце! Чорта вам у зубы! Во! Не возьмеце вы нас! Во! Зразумелі?

Яны, пэўна, лёгка маглі б застрэліць яго, але не стралялі — прыціхшы, яны намагаліся зразумець раптоўны бунт гэтага флюгпункта і наўрад ці зразумелі. А Івана, мусіць, ад нервовай узбуджанасці раптам працяў холад, цела яго зябка закалацілася, здаецца, пачыналася гарачка. Выкрычаўшы ўсё, хлопец міжвольна азіраўся — угары трохі праяснілася, у хмарнай навалачы з’явіліся блішчастыя, зіхоткія ад ранішняга сонца прагалы блакіту. Здалося, вось-вось павінен быў выплысці з хмар Мядзведжы хрыбет, да якога яны не дайшлі. Вельмі захацелася ўбачыць у небе сонца, але яго яшчэ не было, і ад таго стала дужа паныла.

Затым ён і апусціўся на дол — тое, што павінна было вось-вось здарыцца, ужо не цікавіла яго — ён ведаў усё, што будзе. Ён нават не зірнуў, калі сабакі з’явіліся ў седлавіне, хлопец адчуў гэта па брэху і валтузні — відаць, аўчаркі ўвесь час ішлі па іхнім следзе і раз’ятрыліся пагоняй.

Джулія раптам кінулася да яго, схілілася і затуліла рукамі твар.

— Ой! Нон собак! Нон собак! Іваніо, эршіссен! Эр-шіссен!..

Гнеў і збянтэжанасць, выбухнуўшы ў ім, адразу мінуліся, ён зноў стаў спакойны і роўны, з адною толькі турботай у душы — трэба канчаць. Забіць сябе было проста, куды цяжэй было зрабіць гэта з Джуліяй, але ён мусіў рабіць толькі так. Нельга было дапусціць, каб эсэсаўцы жывымі прыгналі іх у лагер і вешалі на страх іншым, — хай валакуць мёртвых. Калі ўжо не ўдалося здабыць волю, дык належала дапячы ім хоць сваёй смерцю.

У гэты час немцы пусцілі сабак.

Адна, дзве, тры, чатыры, пяць рудых, спушчаных з павадкоў аўчарак, распластаўшыся на бягу, шыбанулі па схіле ўніз; за імі выбеглі немцы. Імгненна сцяміўшы, што праз некалькі секунд яны апынуцца тут, Іван ускочыў, ірвануў за руку Джулію, тая кінулася яму на шыю і захліпнулася. Ён у глыбіні душы адчуваў, што трэба нешта сказаць, — самае галоўнае, самае важнае, але словы чамусьці зніклі. Сабакі ўжо несліся па лагчыне. Тады ён ірвануў яе ад сябе, штурхнуў на край кручы, да бездані. Дзяўчына не супраціўлялася, яна ўсё хліпала, нібы задыхалася, вочы яе сталі вялізныя, але слёз у іх не было — толькі знямеў сцяты страх і задушаны самою ў сабе крык…