Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 78

Васіль Быкаў

— Плёхо, Іваніо. Ой, ой, плёхо!..

— Нічога, нічога. Не бойся! Тут два патроны, — паказаў ён пісталет.

— Нон фортуна Джулія. Фіна. Фіна вітта Джулія, — журботна казала яна.

Ён круціўся, варочаючыся ў доле, сачыў за немцамі, і ўнутры ў яго ўсё разрывалася ад бездапаможнасці і роспачы. Усё ж перад сваім сумленнем ён адчуваў сябе адказным за яе жыццё — толькі што можна было зрабіць? Калі б хоць трохі даступнейшая была круча, а то над безданню навіс пракляты карніз, за ім вытыркаўся другі, а дзе тое дно, і не згледзець было ў змрочным тумане. Ды зноў жа нага, хіба з ёй можна было не сарвацца з такой круцізны?

— Руссэ, рэттэн! Руссэ!.. — аслабела крычаў з седлавіны вар’ят.

Джулія тым часам, убачыўшы на гары немцаў, прыўстала на калені і сварліва-пагрозліва замахала на іх сваімі маленькімі кулачкамі.

— Фашісто! Бріганті! Сволачі! Нэмт унс дох! Ну!

У седлавіне прымоўклі, прыціхлі, і вецер неўзабаве данёс прыцішаны адлегласцю голас:

— Эй, рус унд гуррін! Мі вас скоро убіваль!..

I следам другі:

— Ком плен! Бросай холодна гора. Шпацірэн горячо крэматоріум.

Джулін твар зноў разгарэўся запальчывай злосцю.

— Геркомэн! — махала яна кулачкамі. — Ком нэйм ір геркомэн унд унс голен! На ір ангст!..

Немцы выслухалі яе данесены ветрам голас, і адзін перад адным пачалі крычаць непрыстойнасці. Джулія, пакутуючы ад свае бездапаможнасці ў такім паядынку, толькі кусала вусны. Тады Іван узяў яе за плечы і прыгарнуў да сябе, дзяўчына паслухмяна падалася, прыпала да грудзей і ціха ў неспатоленай роспачы, як маленькае дзіця, заплакала.

— Ну, не трэба. Не трэба. Нічога, — недарэчна супакойваў ён, сам з усяе сілы душачы ў сабе пяшчоту і роспач.

Джулія, здаецца, неўзабаве сціхла, і ён доўга трымаў так яе ў сваіх абдымках, паныла думаючы, як здорава ўсё пачалося і як недарэчна канчаецца. Пэўна, зусім ён няўдачнік, самы недалужны з усіх людзей — не здолеў скарыстаць такой магчымасці, з-за якой прапалі чатыры хлопцы. Відаць, Галадай, Янушка і іншыя зрабілі б гэта куды больш умела — ужо дабраліся б да Трыеста і білі б немчуру ў партызанах, а ён вось увяз тут, у гэтых праклятых гарах, ды яшчэ, нібы воўка, даў загнаць сябе ў пастку. Эх, трэба было, як і браўся, ірваць тую бомбу — няхай бы ўцякалі спрытнейшыя. А так вось… Яшчэ загубіў і Джулію, якая паверыла табе. Спраўдзіў ты яе надзеі, няма чаго сказаць! Ды яшчэ нагаварыў, аб чым цябе не прасілі. Гэта было ўдвая кепска і балюча — усе намаганні, выходзіць, дарэмныя, усе надзеі рухнулі так недарэчна і так нешчасліва.

Ён туліў да грудзей яе заплаканы твар і цьмяна праз боль сваіх пакут адчуваў і яе боль, таксама як і пяшчотнасць яе рук на сваіх плячах, гэта па-ранейшаму кранала да самай душы, і ад таго было яшчэ горш.

Пасля Джулія села побач, паправіла рукой раскіданыя ветрам валасы.

— Мало, мало валёс. Нон болшой валёс. Нікогда.

Ён сядзеў насупраць і ад безвыходнасці толькі скрыгаў зубамі. Ягонае ўяўленне ніяк не магло прымірыцца з немінучай пагібеллю. Але што зрабіць?