Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 77

Васіль Быкаў

— Іваніо, почему фур’ёзо? Нога, да? — пыталася яна.

— Не нага…

— Почему? Мі будэт жіт, Іваніо. Мі убегат…

Здаецца, ён ужо здагадаўся, у чым была справа. Не адказваючы ёй, хлопец подбегам кульгікаў па ўзлобку, які далей крута загінаўся ўніз. Тым самым ён хаваў іх ад немцаў, гэта было добра, але…

Яны выходзілі з-за пагорка, і тут, пэўна, Джулія таксама нешта ўцяміла і спынілася. Горы наперадзе раптам раздаліся, упоперак іх шляху вялікім прасцягам засінела паветра — унізе ляжала змрочная цясніна, з якой клубіўся, поўз угору туман.

Абое моўчкі дабеглі да кручы і адхіснуліся — схіл, быццам у прорву, крута падаў у затуманеную бездань, у якой дзе-нідзе шарэлі языкі нерасталага снегу.

24

Джулія ляжала на каменным выступе за пяць крокаў ад абрыву і плакала. Ён не суцяшаў яе, не супакойваў — ён сядзеў побач, абапёршыся рукамі на шурпаты замшэлы дол, і думаў, што, пэўна, на тым усё скончыцца. Наперадзе і збоку да іх падступала круча, з другога пачынаўся круты скалісты пад’ём пад самыя аблокі, ззаду ў седлавіне сядзелі немцы. Атрымлівалася поўная, самая адмысловая пастка — трэба ж было гэтак наглуха ўлезці! Для Джуліі гэта было асабліва нечакана і пакутна пасля яе раптоўнай надзеі вырвацца, і ён цяпер не ўгаворваў дзяўчыны — не меў для гэтага слоў.

З правалля несла золкаю сырасцю. Іх разгарачаныя целы пачалі астываць; навокал у скалах, нібы ў гіганцкіх комінах, гуў вецер; было хмарна і дужа няўтульна. Але чаму немцы не ідуць да іх, не страляюць? Стоўпіліся ўгары ў седлавіне — адны сядзяць, другія стаяць, абступіўшы паласатую постаць вар’ята гефтлінга. Іван угледзеўся і зразумеў — яны забаўляліся: курачы, тыцкалі ў яго цыгаркамі — то ў лоб, то ў спіну, — і вар’ят са звязанымі рукамі ўюном круціўся між іх, пляваўся, брыкаўся, а яны знай сабе рагаталі ды зноў тыцкалі ў яго цела цыгаркі.

— Руссэ! Рэттэн! Руссэ! — данёсся роспачны крык вар’ята.

Іван насцярожыўся — сволачы, што яны яшчэ рабілі там? Чаму яны такія бязлітасныя і бесчалавечныя да сваіх і чужых — да ўсіх? Няўжо гэта ад душэўнае нізасці і дзеля забавы?

Падобна было, яны чагосьці чакалі. Толькі чаго? Можа, якой дапамогі? Ну, але цяпер ужо мала страху, цяпер пэўная фініта, як кажа Джулія; чацвёртыя яго ўцёкі, відаць, стануць апошнімі. Шкада толькі гэтае маленькае дзіва — гэтую цыбатую чарнавокую гаварліўку, шчасце з якой было такое хмельнае і нядоўгае. Хоць, праўда, ён і так быў удзячны Богу, ці лёсу, ці, можа, выпадку, якія паслалі яе ў самы апошні час; цяпер, пасля ўсяго, паміраць побач з ёй было ўсё ж лягчэй, чымсьці ў ненажэрнай печы крэматорыя.

Джулія, здаецца, выплакалася, не хліпала, плечы яе перасталі ўздрыгваць, толькі часам пацепваліся, — мусіць, ад холаду. Ён зняў з сябе скуранку і, пацягнуўшыся да дзяўчыны, беражна ахінуў яе. Джулія ад таго здрыганулася, — відаць, перасіліла сябе, села і запэцканымі, паздзіранымі кулачкамі пачала старанна выціраць заплаканыя вочы.