Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 75

Васіль Быкаў

— Іваніо, морто будэм! Нон Тэрэшкі? Аллес нон?

— Давай хутчэй! Хутчэй! — не адказваючы, строга прыкрыкнуў ён, бо інакшага выйсця, як толькі павярнуць у сланік, у іх не было.

I хлопец закусіў вусны і шаснуў у гэты неадольны гушчар, які абмінала нават звяр’ё. Адразу калючыя іголкі сотнямі ўпіліся ў ногі, але ён не зважаў на іх — ён ашчаджаў толькі калена, ад болю і напружання на лбе высыпаў сцюдзёны пот. Не дужа асцерагаючыся, толькі сабраўшы ў вузел усё трыванне, ён ашалела палез сярод сланіку ўбок, у абход кручы.

— Ой, ой! Ой! — роспачна войкала Джулія, але таксама лезла за ім — не вельмі ўмела, не разбіраючы шляху, часта чапляючыся за калючча і падаючы.

Ён не супакойваў яе і не падганяў — ён толькі азіраўся на край стромы, дзе вось-вось павінны былі паказацца немцы.

Праўда, на гэты раз ім пашанцавала, яны амаль што дабраліся да верхняе мяжы зарасніку, калі ўнізе з-за кручы вылез першы эсэсман. Тут ён рабіўся ўжо небяспечны, бо яны хоць і адышліся далей, але мала ўзняліся ўгору — розніца ў вышыні паміж імі і немцамі была невялікая. Як толькі немец узняў галаву, каб згледзець іх, Іван таропка прыцэліўся з пісталета і стрэліў.

У гарах гулка пакацілася адгалоссе.

Вядома, ён не пацэліў: было далекавата, але немец засцярожліва шаснуў пад абрыў, і ў паветры затым разнеслася доўгая рассыпістая чарга. «Тр-р-р-р-рт… Тр-р-р-р-т… р-р-р-рт… р-р-т…» — усё далей адносячы, размножылі чаргу горы. Калі рэха сціхла, уцекачы кінуліся далей. Нечаканы пісталетны стрэл, пэўна, збянтэжыў немцаў, і на кручы нейкі час ніхто не паказваўся. Пасля на краі яе з’явілася паласатая постаць.

— Іваніо, гефтлінг!

Вар’ят, шырока расставіўшы ногі, узлез на кручу і, хістаючыся, закрычаў ім сваім недарэчна сарваным голасам:

— Руссэ! Руссэ! Хальт! Ворум ду гэйст вэг? Зі волен брот гэбэн.

— Цурюк! — крыкнуў Іван. — Шіссен!

Вар’ят угнуўся і кінуўся назад, там на яго, чуваць было, закрычалі немцы і, крыху счакаўшы, амаль адначасова ўсе, колькі іх было там, высыпалі з-за абрыву.

Здаецца, становішча ўсё горшала. Да седлавіны, дзе канчаўся сланік, было зусім блізка, але ўжо тут немцы маглі дастаць з аўтаматаў. Трэба было як-небудзь затрымаць іх і прарвацца за седлавіну. Іван укленчыў, прысланіў ствол пісталета да хісткае галіны сланіку і стрэліў другі раз, затым трэці. Пасля ўгнуўся, стаіўся ў нізкарослым гушчары, да яго на чацвярэньках шаснула Джулія.

— Іван, нон патрон аллес! Нон аллес!

Ён зразумеў, дакрануўся да яе худзенькага пляча, супакойваючы, — два патроны ён, вядома, пакіне на самы паследак. Ён чакаў страляніны з боку немцаў, але тыя маўчалі: шырока разбегшыся, яны таксама палезлі ў сланік. Тады ён ускочыў і, прыгінаючыся, каб хоць троху прыкрыцца, пакульгікаў угору, да седлавіны збок кручы.

Мусіць, немцы ўсё ж зрабілі памылку, што, гледзячы на іх, самі падаліся ў сланік. Гэты зараснік, аказваецца, не толькі затрымліваў рух, ён яшчэ не даваў бачыць, прыцэліцца, і пакуль яны валакліся там, Іван з Джуліяй, ледзьве жывыя ад стомы, дабраліся да седлавіны.