Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 74

Васіль Быкаў

— Скоро, Іван, скоро! Эсэс!

Сапраўды, немцы даганялі іх. Пярэднія перайшлі ўжо луг і карабкаліся па круцізне, астатнія даганялі пярэдніх. Апошнім, спатыкаючыся, са звязанымі рукамі, брыў вар’ят у паласатым і з ім канваір. Нехта з пярэдніх, убачыўшы іх ля сланіку, закрычаў і выпусціў чаргу з аўтамата. Стрэлы пратрашчалі ў ранішнім паветры, водгулле гулка разнесла іх па далёкіх цяснінах. Іван азірнуўся — было далекавата, і куль ён не пачуў, а калі зноў падаўся наперад, ледзьве не наскочыў на Джулію, якая ляжала на схіле.

— Ты што?

— Нон, нон! Нон эршіссен! — азіраючыся з радасным бляскам у вачах, сказала яна і ўскочыла. На твары яе свяціўся жвавы, гарэзны азарт. — Сволячы эсэс! — звонкім абураным голасам закрычала яна немцам. — Фэрфлюхтэр! Швайн! Нікс эршіссен, аге!

— Ладна, кінь ты! — сказаў Іван.

Трэ было берагчы сілы, што карысці дражніць тых зверыядаўцаў. Але Джулія, відаць, не хацела проста так уцякаць — злосць і даўняя стоеная крыўда, пэўна, узялі сваё.

— Гітлер капут! Гітлер кретіно! Ну, шіссен, ну!

Немцы яшчэ пусцілі некалькі чэрг, але ўцекачы былі куды вышэй за даганятых, і ў такім становішчы, ведаў Іван, пацэліць з аўтаматаў было амаль немагчыма. Гэта, відаць, адчула і Джулія — тое, што навокал не дзынкнула ніводнае кулі, запаліла яе злою гарэзнасцю.

— Ну, шіссен! Шіссен, ну! Фашісто! Бріганті!

Яна расчырванелася ад стомы і абурэння, вочы яе гарэлі злым чорным агнём, кароценькія густыя валасы матляліся ад ветру. У заключэнне свае лаянкі яна схапіла з-пад ног камень і, няўмела размахнуўшыся, шпурнула яго ўніз, — падскокваючы, ён пакаціўся далёка-далёка.

Іван ад абрыву палез першы. Як-колечы яны карабкаліся ўскрай сланіку, пад’ём рабіўся ўсё болей круты. Чорт бы яго ўзяў, гэты зараснік, добра, каб ён быў там, унізе, дзе яшчэ можна было схавацца, а цяпер ён толькі шкодзіў, калоўся, чапляўся. Лезці ж цераз яго напрасткі было страшна — так густа спляліся яго пакручастыя, як дрот, смалістыя галіны. Кідаючы раз за разам трывожныя позіркі ўгору, хлопец шукаў якой болей прыдатнай дарогі, але нічога лепшага тут не было, і гэта прымусіла яго зацяць у сабе трывогу. Угары іх чакаў новы, куды болылы за папярэдні, сыпучы абрыў, узлезці на яго яны, мусіць, не здолеюць…

Джулія, аднак, пэўна, таго не бачыла і не адчувала. Занятая сваркай з немцамі, яна крыху адстала, а пасля таропка даганяла яго. Ён, задыхаўшыся, прысеў і выцяг уніз хворую нагу.

— Іваніо, нога? — спалохана глянула яна знізу.

Ён не адказаў.

— Нога? Дай нога!

Ён моўчкі ўстаў і зноў паглядзеў на кручу, яна таксама зірнула туды, агледзела гэтую сцяну, і позірк яе ўстрывожыўся.

— Іваніо!

— Ладна. Пайшлі.

— Іваніо!

Яе твар зноў перасмыкнуўся, нібы ад болю, яна азірнулася — немцы таропка лезлі іхнім жа следам.