Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 73

Васіль Быкаў

А тут, як на бяду, апошняе клочча воблака праплыло міма — луг стрымана зардзеў чырванню маку. I зараз жа з туману выплылі адна, другая, трэцяя, змрочныя, як тыя камяні, постаці немцаў. Чалавек восем іх стомлена ішло цераз луг, топчучы кветкі, зазіраючы ўгору на схіл.

Далей ужо можна было не хавацца…

Іван сеў, кінуўшы на дол скуранку, побач спынілася панылая, здалося, разгубленая Джулія — некалькі секунд ад дыхавіцы яны не маглі вымавіць ні слова, толькі нема глядзелі на сваіх даганятых. А тыя адразу ж загаманілі, нехта, выцягваючы руку, паказваў на іх, данёсся зычны вокліч каманды. Усярэдзіне ланцуга валокся чалавек у паласатым, рукі яго, здаецца, былі звязаны за спіной, і двое канваіраў, калі ён спыніўся, штурхнулі яго ў плечы. Гэта быў, відаць, усё той жа вар’ят.

Немцы заварушыліся жывей і, крычучы, кінуліся ўгору.

— Ну што ж, — сказаў Іван. — Ты толькі не бойся. Не бойся. Хай ідуць!..

Каб не замінала скуранка, ён надзеў яе ў рукавы і дастаў з кішэні пісталет. Джулія нібы скамянела ў панылай маўклівасці, бровы яе зусім самкнуліся, на твары ценем лёг выраз рашучай упартасці.

— Так, пайшлі. Хай бягуць — зморацца.

— Шіссен будэт? — здзіўленым голасам сказала Джулія, нібы толькі цяпер зразумеўшы, што ім пагражае.

— Страляць далёка. Хай страляюць, калі патронаў шмат.

Сапраўды, немцы пакуль не стралялі, яны толькі крычалі сваё «хальт», але ўцекачы таропка падаліся вышэй, да зарасляў сланіку. Джулія ўжо пазбавілася першай збянтэжанасці, зноў стала рухавай, рызыкоўнай і, здавалася, гатовай да ўсяго.

— Пуст шіссен! Я не боялся. Пуст шіссен! — казала дзяўчына.

Няспынна азіраючыся, яна блізенька падскочыла да Івана і ўзяла яго за руку. Ён удзячна паціснуў яе сцюдзёныя пальцы і не выпусціў іх.

— Іваніо, эсэсман шіссен — мі шіссен! Мі нон лягер, да?

Ён заклапочана сцяў бровы.

— Вядома. Ты толькі не бойся.

— Я не бойся. Руссо Іван не бойся — Джулія не бойся.

Ён не баяўся. Вельмі ўжо шмат страху было перажыта ім за гады вайны, каб і цяпер баяцца. Як толькі немцы ўбачылі іх, ён неяк ураз супакоіўся, сабраўся ў адно, наліўся рашучасцю і спрытам — цяпер толькі б даў Бог сілы і яму, і Джуліі: прыглушаная трывога за яе ныла ў яго душы. Усе астатнія пачуцці ён задушыў у сабе, цяпер яны былі непатрэбны, яны шкодзілі. Ад гэтага часу ўступалі ў дзеянне жывёльныя інстынкты барацьбы, пачынаўся паядынак у спрыце, хітрасці, хуткасці — трэ было ўцякаць і берагчы сілы, не дапусціць на стрэл немцаў, прабіцца да аблокаў, якія з ночы нерухома ляжалі на вяршынях гор. Толькі так. Іншага выйсця ў іх не было.

23

Урэшце яны дабраліся да сланіку, але хавацца ў ім не сталі — сховішча ўжо не трэба было. Асыпаючы нагамі пясок і шчэбень, хапаючыся рукамі за калючае голле, Джулія першая ўзлезла на абрыў і спынілася. Іван, бокам заносячы хворую нагу, лез следам. На крутым месцы пад самым верхам ён проста не ведаў, як ступіць, каб вылезці з-пад кручы: гэтак балела ў калене. Тады дзяўчына наверсе ўкленчыла і працягнула яму сваю тоненькую, слабую руку. Ён зірнуў на сінія пражылкі вен на запясці і адхіліў руку — хіба яна здолела б вывалачы ягоны цяжар? Але Джулія таропка нешта затараторыла на дзіўнай мешаніне італьянскіх, нямецкіх і рускіх слоў і настойліва падхапіла яго пад локаць, неяк падтрымала, і ён урэшце ўзвалок на край сваё набрынялае цяжарам цела.