Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 71

Васіль Быкаў

Мабыць, ужо на світанні ён не ўтрымаўся і неўпрыцям задрамаў, уткнуўшы твар у калені.

22

Прыцьмелая ў дрымоце трывога раптоўным штуршком нібы ўдарыла яго ў самае сэрца. Яно здрыганулася так моцна, што здалося, ледзьве не вырвалася з грудзей. Ён прахапіўся адразу і ў тое ж імгненне пачуў недарэчны вар’яцкі крык:

— Во біст ду, руссэ? Зі гебэн фір ін брот! Зі габэн філе брот.

Над лугам патроху світала, сонца яшчэ не ўзышло, было непрытульна і шэра. Мусіць, напаўзло воблака, і гор не было відаць — клубчастая кудзеля туману, чапляючыся за паніклыя росныя макі, паўзла ўздоўж схілу. Іван адразу тузануў з Джуліных ног скуранку, дзяўчына прахапілася і спалохана загаманіла нешта, а ён, стоячы на чацвярэньках, пільна ўглядаўся ўніз, адкуль данёсся крык. Праз колькі секунд хлопец здагадаўся, што гэта — вар’ят, але адразу ж здалося: ён не адзін, з ім людзі. I сапраўды, не паспеў ён праз туман каго-небудзь згледзець, як пачуў сцішаны пагрозлівы вокліч: «Гальтс маўль!» і звычайную нямецкую лаянку.

Джулія таксама пачула гэта, зразумела ўсё і кінулася да Івана. Учапіўшыся за рукаў ягонае курткі, яна ўтрапёна ўзіралася ўніз, у дымнае месіва туману, сярод якога, здалося, мільганулі чалавечыя цені. Ён схапіў яе за руку і, прыгнуўшыся, падцяг да ручая, дзе было ніжэй. У другой ягонай руцэ была скуранка, калодкі ж яе засталіся недзе ў маку.

Моўчкі з усяе сілы яны кінуліся збоч ручая ўгору.

Іван таропка сігаў па беразе, пераскокваючы камяні, і не выпускаў з свае рукі пальцаў Джуліі; дзяўчына ледзьве спраўлялася за ім і ўсё палахліва азіралася. Іван шукаў позіркам якога зручнага месца, каб перабегчы цераз ручай на той бок, — там можна было схавацца ў скалах і высокіх зарасніках рададэндрану. Але паток разгоніста імчаў з гор, не абяцаючы нідзе пераходу, — сунуцца туды было безнадзейна.

«Добра, што воблака! Добра, што воблака!» — стукала ў Іванавай галаве думка. Імклівае клочча туману пакуль што трохі хавала іх ад немцаў, якія былі недзе зусім блізка. «Пракляты вар’ят, чаму я не забіў яго? Усе яны аднае пароды — і разумныя і звар’яцелыя. Вось і яшчэ здрада! Ці не апошняя?..» — у роспачы думаў Іван і бязлітасна валок Джулію, не выпускаючы яе рукі. Яны ўжо мінулі заваротак ручая, узбеглі на бераг, далей было адкрытае месца. Перш чым выскачыць на лугавы росны прастор, хлопец упаў на калені, прыўзняўся, цяжка сапучы, зірнуў уніз — туман прыкметна радзеў, ужо сталі відаць дальнія камяні ў маку, выспа, дзе ён учора сустрэў вар’ята. I тады ў туманнай прыцьмеласці паветра ён згледзеў некалькі немцаў — нешырокім ланцугом, разбрыўшыся па лузе, яны набліжаліся да выспы.

Немцы яшчэ не бачылі іх. Уцекачы, нямала прабегшы, ужо далекавата адышліся. Іван зірнуў на Джулію — на яе рухавым, яшчэ з адзнакамі сну тварыку відаць была вялікая стомленасць, дзяўчына ледзьве не захліпалася ад дыхавіцы. «Хоць бы вытрымала! Хоць бы яна вытрымала!» — прагна жадаў Іван, бо ў такім іх становішчы толькі ўласныя ногі маглі даць паратунак. I трошачкі аддыхаўшыся, ён зноў тузануў яе за руку. Яна — відаць было — бегла з вялізным напружаннем, але не адставала ад яго.