Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 70

Васіль Быкаў

За гады вайны ён зусім ужо адвык ад такога простага чалавечага імкнення, якім ёсць імкненне да шчасця. Дзе ўжо там было жадаць шчасця, калі апошнія магчымасці выдаткоўваліся на тое, каб як-небудзь выжыць, не даць знішчыць сябе, а для гэтага быў толькі адзін спосаб — забіць. У жыцці панаваў бязлітасны звычай барацьбы — знішчаць да сябе падобных, чаго не робяць нават драпежнікі ў дачыненні да істот аднаго віду. I дзеля чаго? Дзеля матэрыяльнай выгады, дзеля панавання звярынай ідэалогіі, дзеля ўладарнасці маленькай кучкі над іншымі? Пракляты навек нямецкі фашызм, няўжо не хопіць ва ўсёй тваёй зграі здольнасці зразумець, што нельга будаваць сваё шчасце на вялікім няшчасці мільёнаў? Знішчаючы іншых, ты першы вытруціш у самім сабе здольнасць да радасцей, твая душа ад тваіх жа злачынстваў абрасце чорнаю поўсцю варожасці, якую разам з тлустым кавалкам ты імкнешся пакінуць нашчадкам. Але ці захочуць яны ўзяць гэты брудны кавалак з тваіх акрываўленых рук? Ці не пажадаюць і яны сонца справядлівасці і міру пасля той прасмярдзелай трупамі ночы, у якой ты дзесяць гадоў трымаў свет?

Добра, што нядоўга ўжо засталося баляваць гэтым зверыядаўцам і ўрэшце калі-небудзь запануе і шчасце. Прыйдзе час — спазнаюць людзі вялікую вольнасць кахання і адданасці, толькі наўрад ці суджана гэта ім… Мілая, сардэчная Джулія, яна залятае ў марах гэтак далёка, мусіць, зусім не падазраючы, што яшчэ чакае іх па шляху ў Трыест. Мусіць, вырваўшыся з лагера і спазнаўшы каханне ў гэтым дзівосным макавым раі, яна падумала, што ўсё страшнае ўжо ззаду, а наперадзе толькі радасць. Калі б так! Варта хоць трошкі разважыць, як стане зразумела, колькі яшчэ пакут наперадзе: аўтастрады ў даліне, перайсці якія вельмі нават нялёгка, рэкі, пераплыць якія хто ведае як, населеныя пункты, якія не абмінуць. А людзі, засады, сабакі… I ў дадатак да ўсяго недаступны снежны хрыбет! Як перайсці яго ім, распранутым, разутым, галодным?

А яна тым часам ціхенька спала на баку, падагнуўшы каленку. Ён устаў, агледзеўся, абышоў яе і зноў сеў, ужо апанураны і злы, таму што дужа хацелася есці, а галоўнае — балела нага. Галёнка, здаецца, усё пухла, дужа сціскала павязка. Іван крыху паслабіў яе, абмацаў — нага пыхала жарам, і хлопца пачалі даймаць дрыжыкі. Давялося ўзяць з травы ненавісную паласатую куртку і захутацца, але цяпер і яна грэла слаба. Прыслухаўшыся да сябе, Іван падумаў, што не хапала яшчэ захварэць — што тады будзе? «Не, так нельга! — падбадзёрваў ён сябе. — Трымайся!»

Але штосьці перамянілася ў яго настроі, Іван адчуваў гэта, і трывога, як вада ў дзіравую лодку, усё прыбывала ў яго пачуццях. Добра, што Джулія нічога кепскага, бадай, не адчувала і соладка спала. Ён таксама сеў побач, босыя ступні свае захінуў палою скуранкі, якой прыкрыў яе, і стаў пазіраць у ноч. Неўзабаве яго пачало хіліць на сон, дакучала мернае бульканне патоку.