Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 69

Васіль Быкаў

— Дзіця?

— Нон дітя! Как ето маленькі руссо?

— А, сын, — трошкі здзіўлена падказаў ён.

— Так, сін! Ето карашо. Такой маленькі-маленькі, кароші сын. Он будэт Іван, да?

— Іван? Ну, можна і Іван, — пагадзіўся ён, зірнуўшы па-над ёю ў чорную далячынь хрыбта, і ўздыхнуў.

Яна прыціхла, нешта думаючы. Абое на хвіліну змоўклі, кожны ўвайшоў у свет сваіх думак. А навокал ціха ляжалі горы, скупа бліскалі рэдкія зоркі, чорнай, непрагляднай аблогай накрыўся макавы луг. Было ціха-ціха, толькі шумеў, віраваў паток, але ён не парушаў цішыні, і Івану здавалася, што ў цэлым свеце іх толькі трое — яны і паток. У апошніх яе словах штосьці было клапотнае, яно сагнала з Іванавага твару ўсмешку. Страціўшы жартоўную лёгкасць, ён набрыў на штось труднае і сур’ёзнае ў сабе і, мабыць, упершыню ўбачыў яшчэ адзін паваротак у іх дужа не простых адносінах. А Джулія, наадварот, надумаўшы штось, неўзабаве прахапілася ад радасці і зноў сціснула яго ў сваіх абдымках.

— Іваніо! Іваніо, карашо! Как ето карашо — філіё, сін! Маленькі сін!

Пасля яна разняла рукі, павярнулася ніц, зоркі зніклі з яе вачэй, і твар цьмяна зашарэў у траве светлаю плямай, на якой у глыбокіх ценях вачніц ледзьве прыкметна блішчалі вочы. Кароценькае захапленне яе змянілася нечаканым клопатам.

— Іваніо, а где будэм жіт? Рома? — Яна трошкі падумала. — Нон Рома. Рома батіка уф бёзе. Трыесто?..

— Што раней часу загадваць, — сказаў ён.

— О! — раптам ціха ўсклікнула яна. — Джулія знат. Мі будэм жіт Россія. Белоруссіо. Дэрэвня Тэрэшкі, блізко-блізко два озера… Правда?

— Можа быць. Што ж…

Раптам яна нешта ўспомніла і насцярожылася.

— Тэрэшкі кольхоз?

— Калгас, Джулія. А што?

— Іваніо, плёхо кольхоз?

— Нічога. Калі-небудзь палепшае. Не век жа ўсё… дрэннаму быць.

Вялікай сваёй пяцярнёй ён паварушыў яе жорсткія густыя валасы, яна, ухіліўшыся, вызваліла галаву і прыгладзіла яе.

— Валёс будет болшой. Джулія растет болшой карошій валёс. Болшой валёс красіво, да?

— Ага, — пагадзіўся ён. — Красіва.

Яна памаўчала крыху і пасля, вяртаючыся ў думках да ранейшага, сказала:

— Іван будэт ла вараре фэрма, плантація. Джулія будэт… Как ето?.. Віртін вілла. Мі делать мнёго-мнёго макі. Как етот люг!

— Так, так, — задуменна згаджаўся Іван, заварушыўшыся ў доле.

Яму дужа закалола нагу пад перавязкаю, мусіць, трэба было б паправіць яе, але цяпер ён не хацеў непакоіць дзяўчыну. Ён толькі выпрастаў і вальней паклаў нагу ў траве, задумліва слухаючы, як гаварыла яна побач — шчыра, замілавана, з вялікай пяшчотай і марай.

— Мі будэм мнёго-мнёго фортуна… Я очен хочу фортуна. Должен біть человек фортуна. Правда, Іваніо?

— Так, так…

Відаць, змагаючыся са сном, яна гаварыла ўсё цішэй, голас яе рабіўся ўсё болей санлівы, і неўзабаве дзяўчына сціхла. Ён ціхенька пагладзіў яе і падумаў, што, мабыць, трэба даць ёй спачыць, выспацца, усё роўна ўжо няшмат засталося гэтае ночы — першай ночы іх шчасця. А назаўтра ісці. Толькі хто ведае, што нарыхтавала ім гэтае заўтра?..

I ён доўга глядзеў так у неба — адзін на адзін з Сусветам, з сотнямі зор, вялікіх і ледзьве прыкметных, з крывою дарогай Чумацкага Шляху цераз усё неба. Нейкі зачатак трывогі і непакою пачаў выцясняць з адчування кароткую яго шчаслівасць.