Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 7

Васіль Быкаў

3

Усё неба ўгары аблажыла шызая мутная хмара, мерна гойдаліся вяршаліны елак, лес устрывожана гуў, і першыя кроплі коса чырканулі паветра.

Іван жвава, знарок не збаўляючы кроку, лез і лез між камлёў і камення, як цяпер заўважыў, пабліскваючы голым каленам праз прадраную сабакам штаніну. Мусіць, пакуль стаяў пад скалою, штаніна на сцягне недзе прысохла да раны, а пры хадзе ададралася, і рана цяпер забалела. Пазбіваныя аб камяні босыя пальцы на нагах таксама крывавілі, аб нейкую патарчаку ён балюча ўкалоў пяту, але зважаць на гэта не было калі.

Ззаду тым часам усё змоўкла, засцігнутая дажджом небяспека недзе стаілася, адстала, за імі пакуль не чутно было ніякай пагоні. Але яна павінна была азвацца. Іван ведаў, што немцы іх так не пакінуць, пэўна, яны паднялі ўжо на ногі ўсю ахову, паліцыю, сабак. Гэта было дужа нялёгка — уцячы, хіба што ім паможа дождж, калі схавае, заглушыць крокі, змые сляды. Вострым, нервовым позіркам Іван усё ўзіраўся праз рэдзенькую, яшчэ прытуманеную сетку дажджу і вельмі асцерагаўся, каб не налезці на якую засаду. Яшчэ ён час ад часу лавіў ззаду стукат крокаў сваёй спадарожніцы, яна адставала, часта губляла з ног то адну, то другую клумпес і пасля подбегам даганяла яго. Тады некалькі хвілін побач чулася яе блізкае, частае ад стомы дыханне, неўзабаве, аднак, яна зноў знікала.

Ён стараўся быць абыякавы да яе; калі б яна адстала зусім, мабыць, уздыхнуў бы з палёгкай, але ўсё ж пакуль яна была тут, паблізу, не мог пакінуць або прагнаць яе і пайсці адзін. Ён толькі думаў: і адкуль яе, на ліха, прыбіла да яго! Глядзі ты — вырвалася з завода, дагнала, ужо нашто ён хутка шыбаваў, а вось не адстала ж. Хоць ён нямала часу патраціў на сабак, добра яшчэ, што прамарудзілі, не наляцелі на той раўчук немцы. Дожджык тым часам усё гусцеў, усё шчыльней ахутваў лясістыя горы цёплы туман — гэта радавала яго, так лягчэй было зашыцца ў лесе, схаваць свой след ад сабак, як мага далей адысці ад горада.

Толькі пад дажджом ісці было дужа нязручна: ушчэнт мокрая куртка агідна абліпала цела, штаніны таксама вымаклі ад нізу, і ён падкасаў іх, як, бывала, касцы — да калень. Спачатку ён з задавальненнем падумаў, што пад дажджом прытушыцца, пацямнее яго паласатая, бачная здалёк стракатасць. Гэта і сапраўды сталася, толькі праклятыя кругі мішэняў, намаляваныя клеявой фарбай, па-ранейшаму тапырыліся на грудзях, зусім не моклі і сталі яшчэ прыкметней на прыцямнелай куртцы.

Так мінула гадзіна ці болей, калі, прадзіраючыся праз мокры хваёвы падлесак з туга напятымі між галін струнамі павуціння, у якім дрыжалі драбнюткія кроплі вады, Іван убачыў дарогу. Гладкая, блішчастая ад непагоды паласа яе лёгка загіналася на павароце і знікала ў гарах. Ён спыніўся, услухаўся, — здаецца, дарога была пустая. Тады ён азірнуўся — дзяўчына, адхінаючы ад твару мокрыя хваёвыя галінкі, зводдаль прабіралася да яго. Трэба было пачакаць яе і дарогу перайсці разам, інакш яна адна магла зрабіць штосьці не так і яшчэ выдаць абаіх.

Яна падышла і стомлена спынілася побач, таксама заўважыла дарогу і ўжо з большаю асцярогаю, чым упачатку, паставілася да небяспекі. Ён коратка слізгануў позіркам па яе мокрай паласатай куртцы, якая шчыльна абляпіла гнуткі, тоненькі стан, маленькія вострыя грудзі, і зноў ваўкавата паморшчыўся — так гэта не дастасавалася да таго рызыкоўнага становішча, у якім апынуліся яны. Яна ж, відаць, рада была супынку, аддыхвалася, узяўшыся рукой за вяршаліну сасонкі, другой выліла з калодак ваду і стомлена, хоць і не дужа клапотна, уздыхнула.