Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 9

Васіль Быкаў

Іван за год палону збольшага навучыўся разумець па-нямецку, зразумеў, пра што сказала яна, але адказаў не адразу. У пяце была стрэмка, хлопец паспрабаваў выцягнуць яе, ды мізэрны кончык ніяк не даваўся ў пальцы.

— Бёзе! Будзеш бёзе, калі смалены певень клюне, — неласкава сказаў ён і дадаў ужо для яе: — Які там бёзе? Я гут.

— Гут?

Яна ўсміхнулася, аберуч прыгладзіла мокрыя, блішчастыя свае валасы і, церануўшы аб штаны далоні, на каленях падалася да яго.

— О, дай!

Ён усё не мог узяцца за канец стрэмкі, і яна лёгенька і надзіва проста, па-таварыску прыгнулася, сцюдзёнымі тонкімі рукамі ашчаперыла яго вялізную ступню, пакалупалася ў ёй пальцамі і, раней чым ён паспеў даўмецца навошта, зубамі шчыпанула падэшву. Ён нерашуча тузануў нагу, але яна ўтрымала, зубы яе казытнулі па тоўстай скуры пяты, і, калі яна неўзабаве выпрасталася, у белых раўнюткіх яе зубах тырчала маленькая чорная стрэмка.

Іван не здзівіўся і не падзякаваў, а, падцяўшы нагу, зірнуў на пяту, пацёр, паспрабаваў наступіць — стала, здаецца, лепей. Тады ён з ужо большай прыязнасцю, чым дагэтуль, паглядзеў на дзяўчыну, на яе мокры, смуглы і зноў ажывелы твар. Яна не адвяла ўсмешлівага сустрэчнага позірку, пальцамі ўзяла з зубоў стрэмку і пстрыкнула яе на вецер.

— Спрытная, ага, — стрымана, быццам не жадаючы прызнаць вартасці дзяўчыны, сказаў ён.

— Спі-рі-тана-я, — весела паўтарыла яна і спытала: — Что есть спірітаная?

Ён унутрана ўсміхнуўся і пацерабіў пяцярнёй сваю мокрую стрыжаную патыліцу.

— Як табе сказаць?.. Ну, вобшчам, гут.

— Гут?

— Я. Гут.

— Ду гут, іх гут, — радасна сказала яна і засмяялася.

А ён, нібы штось прыпамінаючы або ацэньваючы, даўжэй, чым дагэтуль, паглядзеў на яе. Але яна адразу спахапілася ад кароткай сваёй весялосці, зябка здрыганулася, і ён падумаў, што трэба ісці. Вельмі ўжо не хацелася вылазіць на макрэдзь з-пад гэтай сухой разложыстай сасны, і ўсё ж ён мусіў устаць. Дождж дружна сыпаў навокал, аднастайна шапацеў лес, мусіць, непагадзь сапсавала немцам аблаву — гэта ўжо абнадзейвала. Невядома, колькі зняволеных прарвалася ў горы, але, можа, хоць каму-небудзь пашчасціць. Івану ўспомніўся той трэці гефтлінг, што ледзьве не далучыўся да іх, і хлопец, перш чым ступіць з-пад сасны, павярнуўся да дзяўчыны, якая вытрасала свае калодкі.

— А хто гэта бег за табой?

— Бежаль, да? Гефтлінг. Тэдэско гефтлінг.

— Што, знаёмы? Таварыш?

— Нон таваріш. Кранк гефтлінг. Болной. — Тоненькім пальчыкам яна дакранулася да сваёй скроні.

— Дурны?

— Я.

«Глядзі, з ёй можна дамовіцца!» — задаволена падумаў Іван і адвёў ад яе свой позірк. Чамусьці па-ранейшаму няёмка было глядзець у яе глыбокія, шырока расплюшчаныя вочы, у якіх так зменліва адбіваліся, жылі разнастайныя яе пачуцці.

— Ладна. Чорт з ім. Пайшлі.

Здаецца, яны добра ўжо адышліся ад лагера, немцы, мусіць, іх упусцілі. Напружанне ў душы крыху зменшылася, і Іван, нібы зводдаль, са здзіўленнем азірнуўся ў думках на тое, што сталася ў гэты шалёны дзень.

4

У той дзень зранку пяцёра іх у паўразбураным начною бамбёжкай цэху выкопвалі неўзарваную бомбу