Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 5

Васіль Быкаў

— Руссо!

Жанчына?! Гэта яго здзівіла і збянтэжыла, ён ледзьве не вылаяўся ад прыкрасці, але блізкі роў матацыклаў пераключыў ягоную ўвагу — яны ўжо былі побач, толькі вышэй. Іван вертануўся на зямлі, не ведаючы, куды падацца: між рэдкіх камлёў дрэў яго тут маглі лёгка ўбачыць зверху. I ён сігануў у неглыбокі вышчарбак-нішу пад крутаватай скалою, прыгнуўся, увесь ператварыўшыся ў спрыт і асцярогу. Паласатая постаць унізе на хвіліну знікла за краем абрыву, і ён не глядзеў куды — найболей асцерагаючыся матацыклаў, напружана слухаў. Але вось знізу праз дваццаць крокаў з-за каменя з’явілася дзяўчына ў доўгай, не па росце куртцы з падкасанымі рукавамі і чырвоным трохкутнікам вінкеля на грудзях. Яна хутка зірнула па баках, і ён заўважыў, як пад шапкаю чорных, даўнавата не стрыжаных валасоў радаснай жвавасцю бліснулі гэткія ж чорныя, нібы дзве масліны, вочы.

— Чао!

Ён чуў ужо гэтае слова і зразумеў яго — так заўсёды віталіся гефтлінгі-італьянцы. Аднак цяпер, услухоўваючыся ў трэскат над галавой, ён змоўчаў, чакаючы, што яна вось-вось шмыгне куды ў сховішча. Але яна, здаецца, зусім безуважная да небяспекі, зноў азірнулася і таропка загаманіла па-нямецку, як зразумеў Іван, некага праганяючы ад сябе. Іван паглядзеў у падлесак — там, адкуль выскачыла дзяўчына, туліўся на каленях яшчэ нехта ў паласатым, але ён зараз жа шмыгнуў назад і прапаў у гушчары ельніку. Іван ужо хацеў кінуцца куды далей ад гэтых гефтлінгаў, як дзяўчына лёгка выскачыла з-за абрыву, нагнулася, таропка сунула ногі ў калодкі, якія дагэтуль трымала ў руках, і, заляскаўшы імі, падалася да яго.

Ён аж сцяўся ад страху. Матацыклы раўлі ледзьве не над іх галовамі, і яе недарэчна-паказная адвага гнеўна сцебанула яго напятае да болю адчуванне — іх жа так лёгка маглі тут убачыць. Іван, прыгнуўшыся, скочыў да дзяўчыны і за руку злосна рвануў яе пад скалу. Пры гэтым ён ціха, але бадай што з лютасцю вылаяўся. Яна падатна і лёгка, ледзьве не ўпаўшы, шырока матлянулася за ім, адна яе калодка звалілася з нагі і, застукаўшы па камянях, адляцела прэч.