Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 6

Васіль Быкаў

— Ой, клумпес! — сцішана ўскрыкнула яна.

Матацыклы адзін за адным, абдаючы іх трэскатам, праносіліся недзе зусім блізка, а яна, не зважаючы ні на іх, ні на яго відавочную злосць, вырвала руку і кінулася за калодкай. Іван не паспеў яе ўтрымаць, толькі скрыгануў зубамі. А яна тым часам, спрытна схапіўшы калодку, матлянулася назад, коратка, нібы вінавата, зірнула на яго, у яе вачах бліснуў азарт і неслухмянасць распешчанай зухаватай дзяўчынкі. I тады Іван, не справіўшыся з напятымі нервамі і ўзарваны спазнелаю злосцю, ляснуў яе па шчацэ.

Дзяўчына коратка войкнула, але не адхіснулася, толькі ўпала пад скалу побач і з-пад локця зірнула на яго ўгору вачыма, поўнымі не гневу, а нейкага гарэзнага здзіўлення.

Матацыклы — чуваць было — аддаляліся, і Іван адразу ж пашкадаваў, што не стрымаўся. А яна на момант засяродзілася, акругліла вочы, услухалася, здавалася, толькі цяпер усвядоміўшы, што ім тут пагражала, і, падцяўшы калена ў гэткай жа паласатай, як і ў яго, штаніне, насунула на ступню калодку. Пасля зноў зірнула на яго і, па-дзіцячы няўмела выгаворваючы словы, нібы картавячы, паўтарыла ягоную лаянку.

Гэта было так нечакана, як і яго аплявуха, і здалося Івану такім незвычайным, што ў ім нешта скранулася, зрушылася — нешта чалавечае на момант шыбанула ў яго заскарузлую ад гора душу, і ён упершыню за сённяшні дзень здзіўлена і шырока раскрыў свае вочы.

— Ого!

— Ого, — паўтарыла, быццам перадражніла, яна, пэўна паказваючы тым сваю прытворную крыўду, і быццам з некатораю нават цікавасцю паглядзела на яго, а ў вачах яе ўжо з’явіліся жвавыя, смяшлівыя іскаркі.

Чарнявая прыгажосць гэтай дзяўчыны і незвычайная яе адвага ў гэтым іх болей чым складаным становішчы збівалі яго з тропу.

— Ты куды бяжыш? — хутка і сурова кінуў ён, пазіраючы ў дол, на яе падцятыя ў калодках цыбатыя ногі.

— Вас?

— Вас, вас! Куды бяжыш?

— Руссо бежішь — іх бежішь.

Ён спадылба кальнуў яе злосным позіркам, аднак на ўсім яе твары адбіваліся ўвага і старанне зразумець яго — густыя чорныя бровы, што зрасліся над пераноссем, былі высока ўскінуты.

— Ты знаеш, куды я бягу? Я Русланд бягу. Зловяць — мнебудзе пуф, пуф. А табе гэта, — ён чыркнуў сабе пальцам па шыі і паказаў угору.

Яна зразумела, коратка ўсміхнулася, нават, здалося яму, чмыхнула: маўляў, што мне вісельня. I гэтая яе безразважная легкадумнасць амаль што раззлавала яго.

— Смялячка! Расхрабрылася! Ну і бяжы! Толькі без мяне.

— Конэчно! — мірна ўсміхнулася дзяўчына, і Іван падумаў, што яна не зразумела яго.

Ён памкнуўся быў запярэчыць, але ў гэты час убаку ад горада пачуліся крыкі і сабачы брэх, відаць, там кагосьці лавілі. «Чорт з ёй, з гэтай дзеўкай», — падумаў Іван. Трэба было прабірацца далей, і ён хутка палез па схіле.