Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 67

Васіль Быкаў

Ён зноў павярнуўся да Джуліі, — мусіць, трэба было паднімацца і ісці, але яна спала так соладка, так бездапаможна-знясілена, што ён проста не адважыўся парушыць гэты, такі патрэбны ёй, сон. Ён пачаў прагна глядзець на яе рухавы і ў сне твар, так, быццам упершыню бачыў яго. Цяпер, пасля ўсяго, што між імі сталася, кожная яе ўсмешыстая рыса, кожны рух набывалі свой паглыблены сэнс. Хацелася пазіраць так, бясконца, уважліва пазнаваць пачуццём зманлівую таямніцу чалавечай душы. Наперакор усяму ён адкрыў у ёй неспадзяванае — сціплае і радаснае — і, здаецца, ледзьве не захлынуўся быў у той сваёй першай хмельнасці. Цяпер, праўда, хмельнасць крыху апала, выраўнялася, але затое адчуванне шчаслівасці стала яшчэ большае, і ягоны недаверак-голас змоўк назаўжды. Наогул ён быў проста дурань, што так доўга сумняваўся ў гэтым чысцейшым і, мусіць, самым бескарыслівым у свеце стварэнні. Спасцігшы тое цяпер, ён, не кратаючыся, як на чароўную таямніцу прыроды, глядзеў і глядзеў на яе — маленькае чалавечае дзіва, гэтак позна і радасна адкрытае ім у жыцці, і не адчуваў у сабе ні пагарды да яе, ні чагось брыдкага; было толькі нешта ціхае, добрае, яно да краёў напаўняла яго пяшчотай.

А яна ўсё спала, прынікшы да шырокіх грудзей зямлі; варушыліся, трапяталіся яе тоненькія ноздры, і маленькая, чырвоная багоўка задуменна паўзла па яе рукаве. Яна выпаўзла са складкі, растапырыла крыльцы, але не паляцела, бы перадумала, папаўзла далей. Ён асцярожна скінуў багоўку, беражлівым дотыкам паправіў на дзяўчынінай шыі перакручаны на чорным шнурку крыжык. Яна ўсё не прачыналася, толькі трошкі перапыніла дыханне, тады ён паправіў на яе спіне загорнуты край курткі і ўсміхнуўся. Хто б мог падумаць, што яна за два дні стане для яго тым, чым не стала ніводная свая суайчынніца, запалоніць яго душу ў такі, здаецца, самы няздатны для таго час? Хіба мог ён прадбачыць, што ў сваіх чацвёртых уцёках, ратуючыся ад пагібелі, гэтак нечакана напаткае першае сваё каханне? Як усё зблытана, перакручана, перамешана на гэтым свеце! Невядома толькі, хто перамяшаў тое, інакш як бы атрымалася вось гэта — у палоне, на парозе смерці, з чужой нязнанай дзяўчынай, чалавекам другога свету? «Што б сказалі хлопцы, калі б даведаліся пра такія падрабязнасці ягоных уцёкаў?» — падумаў ён, і гэтая думка непрыемна ўразіла яго. Куды як нялёгка было адказаць на такое пытанне, але Івана не трэба было вучыць прамаце ў адносінах да сябе. Хлопец лёгка ўявіў суровы, незадаволены твар Галадая — той, пэўна, не дапусціў бы ніякага кахання. Галадай заўжды ведаў, чаго хацеў, і быў няўхільны ў сваіх намерах. Мусіць, не пахваліў бы яго і Жук, які насіў у сабе занадта вялікую злосць на фрыцаў, каб апраўдаць нейкае там каханне на шляху да помсты. Янушка, напэўна, зважыў бы, не лаяў, мусіць, памкнуўся б вытлумачыць усё маладосцю, але ў душы таксама ці апраўдаў бы. Не дараваў бы — праўда, па другой прычыне — і дахадзяга Срэбнікаў. А ён, таксама не мякіш сярод іх, не баязлівец і не слабак, вось не ўстаяў, пакахаў гэтае маленькае альпійскае дзіва, якое гэтак нечакана аказалася самым значным і дарагім з усяго, што сустракалася яму ў жыцці.