Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 65

Васіль Быкаў

Пасля адразу ж адкінуўся спіной у траву, вольна раскінуў рукі і засмяяўся, з заплюшчанымі ўсё вачыма. А калі расплюшчыў іх, у сонечным арэоле, пад распушанымі валасамі дзяўчыны ўбачыў нахілены яе твар і раскрыты зіхоткі белазубы рот. У першую тую секунду яна быццам захліпнулася, відаць было, хацела і не магла штосьці сказаць, толькі шырока акругліла вочы, і ў іх, хутка пераадольваючы збянтэжанасць, шчодра шыбанула з глыбінь душы радасць, шчаслівасць адкрыцця і здзіўленне. У наступнае імгненне яна прыпала да ягоных грудзей, прыціснулася, абшчапіла яго шыю рукамі і блізка-блізка ля яго твару зашаптала горача і аддана:

— Іваніо… Аміка…

20

Нешта труднае і пабочнае, што ўвесь час утрымлівала іх адно ад другога воддаль, было пераадолена, перажыта шчасліва і амаль раптоўна. Мусіць, тыя пакутныя парадоксы, што дапякалі Джулію, неяк былі ёю зразуметы — з гэтага моманту для абаіх засталіся толькі бражная духмянасць зямлі, макавы водар і спякотны бляск высокага неба. Сярод гэтай першабытнай стыхіі ў адным кроку ад смерці нарадзілася нязведанае, таямнічае і ўладарнае, яно жыло, прагла, палохала і клікала…

Распластаўшыся на зямлі, Іван гладзіў і гладзіў яе вузенькую, напечаную сонцам спіну, дзяўчына ўсё гарнулася да яго грудзей і сваёй гарачай аксамітнай шчакой церлася аб яго рассечанае асколкам плячо. Вусны яе, не перастаючы, шапталі штось незразумелае, іншамоўнае, але Іван і без таго адчуваў усё. Смеючыся вачыма, тварам, душой, ён нібы абмёр у нейкай шчаслівай бязважкасці; неба ўгары кружылася; зямля, нібы вялізная касабокая талерка, усё хінулася кудысь і вагалася, гатовая вось-вось абрынуцца ў невядомую прорву, і ад таго было соладка, хмельна і боязна.

Час, мусіць, перастаў для яго існаваць, адышла ў нябыт небяспека, ля самага хлопцавага твару горача тлелі два вялікія чорныя вугалі ў шырока раскрытых яе вачах. У іх цяпер не было ні пакуты, ні клопату, ні гарэзнасці — нічога, апроч труднага, уладарнага ў сваёй немаце клічу; нешта падобнае Іван адчуваў на краі бяздоння, якое заўжды страшыла і вабіла адначасна. У яго не было ніякае сілы супрацьстаяць гэтаму клічу, ды ён і не ведаў, ці трэба было стрымлівацца; ён зноў намацаў вуснамі вільготную жвавасць яе рота, адчуў касцяную цвёрдасць зубоў. Дзяўчына моўчкі замерла, ён прыгарнуў яе аберуч і сціх. Стала ціха, ціха, і ў гэтую цішыню велічна, як з нябыту ў вечнасць, ліўся, шумеў, булькатаў горны паток. Хацелася растварыцца, знікнуць у яе трапяткіх абдымках, сплыць у вечнасць з патокам, увабраць з зямлі ўсю яе моц і самому стаць зямною магутнасцю — шчодрай, ціхай, пяшчотнай…

А зямля ўсё вагалася, кружылася неба, праз паўрас-плюшчаныя павекі ён незвычайна зблізку бачыў пяшчотную акругласць яе шчакі, пакрытай маленькімі, высвечанымі сонцам варсінкамі; гарачай ружовасцю ззяла падсветленая ззаду тоненькая ракавіна вуха. Ён пацягнуўся да яе мочкі з ледзьве прыкметным следам ад дзірачкі, ціхенька намацаў яе губамі — Джулія пругка трапятнулася целам.

Пэўна абуджаны гэтым яе рухам, недзе ўнутры ў ім разгублена азваўся незнаёмы, зусім тут чужы голас — ён завагаўся, запратэставаў, ён чагосьці баяўся. Мусіць, у яго не было аргументаў, настойлівых, неабвержаных доказаў — уся логіка яго адмаўлення ўвасобілася ў пытаннях-дакорах: «Навошта? Навошта?.. Што ты робіш?.. Што робіш? Ты ведаеш, хто яна? Ты вельмі мала ведаеш… Не, ты зусім не ведаеш! Адкуль яна? Ты прыпомніў, з якога свету?»