Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 64

Васіль Быкаў

— Руссо феномено. Парадоксо. Удівітелно, — горача загаварыла Джулія.

Іван, выплюнуўшы сцяблінку, перабіў яе:

— Што ж тут дзіўнага: барацьба. У акружэнні, сярод буржуазнага свету жылі. Чырвоную Армію ладзілі.

— О, армата Россо побеждаль! — падхапіла Джулія.

— Ну вось. Сілу якую накапілі. А пасля вайны, калі гэтую сілу на гаспадарку пусціць, ого!..

— Джулія много слышаль Россія. Россія само болшой справьядлівост. — Яна памаўчала і, здаецца, штосьці прыпомніўшы, варухнула брывамі. — Джулія за етот мыслі от фатэр, іль падрэ, батіка то ест, убегаль. Рома батіка делай вернісаж — юбілей фірма, біль многа гост, біль офіцір СД. Офіцір біль Россія. Офіцір говоріль: «Россія плёхо, бедно, Россія нон култур». Джулія сказаль: «Ето обман. Россія лючше Германіі». Офіцір сказаль: «Фройлін — камуністі?» Джулія сказаль: «Нон комуністі — правдісті». Ла падрэ ударяль Джулія. — Яна кораценька дакранулася да шчакі. — Пощёчін ето по-рускі. Джулія убегаль вернісаж, убегаль Маріо Наполі. Маріо біль комуністо. Джулія думаль: руссо карашо. Лягер Іван бежаль, Джулія бежаль. Руссо Іван герой!

— Ну які я герой? — не пагадзіўся Іван. — Проста салдат.

— Нон просто солдат! Руссо солдат — герой. Само смело! Само сільно! Само… само… — натхнёна гаманіла Джулія, шукаючы рускія словы. Ва ўсім яе тоне адчувалася набалелая шчырасць веры, якой яна вельмі не хацела здраджваць. — Мі відель ваш герой лягер. Мі зналь ваш герой на Остфронт. Мі думаль, ваш фатэрлянд само сільно, само справьядліво…

— А ён і справядлівы, — заўважыў Іван. — Рабочыя, калгаснікі ў людзі пайшлі. Я вось на трактарыста вывучыўся. А настаўнікаў колькі стала. З тых жа мужыкоў. Раней не тое было.

Насупленыя дагэтуль бровы яе варухнуліся, і вочы ад нейкае рашучае думкі гулліва бліснулі.

— Руссо комуністо Іван спасаль Русланд, спасаль буржуазно монархія Італьяно, спасаль Джулія…

— Ну які я камуніст: зашмат гонару. А па-другое, што ж тут такога: увесь Савецкі Саюз ратуе і Італію, і Францыю, і Грэцыю. I ці мала каго! Хоць яны і буржуазныя. Але ж, апроч нас, хто б яго спыніў. Тады, у сорак другім?

— Сі, сі. Так.

З затоенай усмешкай на вуснах, яна шырока агладзіла яго нагу, пасля голы бок. Іван аж сцяўся, слухаючы пяшчотны дотык яе лёгкіх рухавых пальцаў, як раптам яна нагнулася і пацалавала яго сіні шрам на баку. Ён здрыгануўся, нібы яго пранізалі штыком другі раз, варухнуў рукой, каб абараніцца ад нястрыманай яе пяшчоты, а яна злавіла гэтую яго руку, адагнула яе долу і ў адзіным безразважным парыве стала цалаваць усе яго шрамы — ад асколка ў плячы, ад кулі вышэй локця, ад штыка ў баку, асцярожна чмокнула ў павязку на назе. Ён зажмурыўся ад прыліву чагось страшэнна шчыкотнага ўнутры, напяўся, і тады нейкая рыса ў яго стрыманасці аказалася такой вузкай, што балансіраваць на ёй не хапіла цярпення. Не ведаючы, добра гэта ці не, але ўжо аддаўшыся ўладзе невядомае сілы, ён трапятнуўся, прыўзняўся на локці. Другою рукой абхапіў яе наўкос цераз плячо, трошкі прыгарнуў і, зажмурыўшы вочы, дакрануўся да яе разамлелых, з прысмакам чагосьці незнаёмага вуснаў.