Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 63

Васіль Быкаў

— Карашо руссо. Карашо, — казала яна, беражна пагладжваючы яго нагу.

— Харошы, кажаш, а не верыш. Власаўцам абазвала, — успамінаючы нядаўні разлад, з папрокам зазначыў Іван.

Яна ўздыхнула і разважна сказала:

— Но влясовец. Джулія верішь, Іваніо знат правда. Джулія но понімат правда.

Іван пільным, працяглым позіркам паглядзеў у яе строгія вочы.

— А што ён табе гаварыў, той власавец? Ты дзе яго слухала?

— Лягер слушаль, — з гатоўнасцю адказала Джулія. — Влясовец говорі: руссо кольхоз голяд, кольхоз плёхо.

Іван усміхнуўся:

— Сам ён свалата. З кулакоў, відаць. Вядома, жылі па-рознаму, не такі ўжо ў нас і рай, як ты думаеш. Я, праўда, не хацеў табе ўсяго гаварыць, але…

— Говоріт, Іван, правда! Говоріт! — настойліва папрасіла Джулія.

Ён сарваў пад рукамі рамонак і таксама ўздыхнуў.

— Былі неўраджаі. Праўда, розныя і калгасы былі. I зямля не ўсюды аднолькавая. У нас, напрыклад, адно каменне. Ды яшчэ балоты. Вядома, прыйшоў бы час, дабраліся б і да зямлі. Балот вунь колькі асушылі. Трактары ў вёсцы з’явіліся. Машыны розныя. Дапамога немалая мужыку. Вайна толькі ўсё да халеры спляжыла…

Джулія пасунулася да яго бліжэй.

— Іван говорі Сібірь. Джулія думаль: Іван шутіль.

— Не, чаму, была і Сібір. Высылалі кулакоў, каторыя заможныя. I ворагаў розных падабралі. У нас у Цярэшках таксама чацвёра аказалася.

— Ворагі? Почему ворагі?

— За буржуяў стаялі. Кароў калгасных сапам — хвароба такая — хацелі заразіць.

— Ой, ой! Какой плёхой челёвэк!

— Вось так. Праўда, можа, і не ўсе. Але па дзесяць год далі. Нізавошта не далі б. Дык іх таксама ў Сібір. Перавыхоўвацца.

— Правда?

— Ну, а як ты думала?

Лежачы на баку, ён засяроджана абрываў рамонак.

— Іван очен любіт свой страна? — пасля кароткага маўчання запытала Джулія. — Белоруссіо? Сібірь? Свой кароші люді?

— Каго ж мне яшчэ любіць? Вось калі бацька памёр, трудна было. На бульбе жылі. Дык то адна цётка ў вёсцы прынясе чаго, то другая. Сусед Апанас дровы прывозіў. Пакуль я падрос. Але пападаліся і сволачы. Знайшліся такія — нагаварылі на настаўніка нашага Анатолія Яўгеньевіча — ну і ўтапілі. Сумленнага чалавека. Бывала, усё са старшынёй калгасным лаяўся з-за непаладак. За народ клопат меў. А сказалі — супраць улады выступаў. Таксама дзесятку далі. Памылкова, вядома.

— Почему но защіцаль честно учітел?

— Зашчышчалі. Пісалі. Толькі…

Іван не дагаварыў. Міжвольныя гэтыя ўспаміны выклікалі ў ім невясёлы роздум, і ён ляжаў, кусаючы зубамі абскубаную сцяблінку рамонка. Заклапочана-ўважлівая Джулія ціха гладзіла яго забінтаванае гарачае калена.

— Усё было. Старое ламалі, перабудоўвалі — нялёгка гэта далося. З крывёй. I ўсё ж труднае хутка забываецца, помніцца добрае. Часам здаецца: нічога гэтага і не было. Жылі цяжка, клапотна, можа, і несправядліва ў чымсьці. Але ў міры. А гэта галоўнае. Я вось думаю калі: няхай бы зноў усё вярнулася — і цяжкасці, і голад, але без вайны каб. Усё б адолелі. Справядлівейшыя былі б. Пасля такой крыві, гэта ўжо пэўна.