Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 61

Васіль Быкаў

19

Ручай быў неглыбокі і гаманкі — шырокі паток ледзяной вады з гор шалёна імчаў па камянях, віруючы пенай і размашыста плёскаючы на нізкія заліўныя берагі. На адным лугавым завароце ён намыў на траве шырокую касу шэрага жвіру, перайшоўшы якую, Іван і Джулія ўволю напіліся з прыгаршчаў, і дзяўчына адышлася на бераг. Іван тым часам падкасаў разадраныя сабакам штаны і ўвайшоў у ваду глыбей. Ногі заламала ад сцюжы, імклівая плынь сілілася паваліць, але яму хацелася памыцца, бо пот раз’ядаў твар. Хлопец памацаў свае шархоткія, з ладнай ужо бародкай пашчэнкі, памкнуўся было зірнуць на іх у ваду, толькі дарма: у імклівай яе каламуці нічога, апроч камянёў ды пены, нельга было ўгледзець. «Мусіць, зарос, як бандзюга», — падумаў ён і азірнуўся на Джулію.

— Я страшны, няголены? — запытаў ён у дзяўчыны, але тая не азвалася — як села, так і сядзела ў задуменнасці і пазірала ў адно месца на беразе. — Кажу, я страшны? Як дзед, мусіць?

Яна страпянулася, услухалася, намагаючыся зразумець яго думку, — ён усё церабіў свае кучаравыя сківіцы, — і яна здагадалася.

— Карашо, Іван. Очен вундэршон.

Іван пачаў мыцца і думаў, што з ёй нешта сталася — дзяўчына, відаць, чымсь устрывожана, штось перажывае; гэткая засяроджаная яна не была нават у час уцёкаў, пад носам у немцаў. Зусім не ў яе характары была такая раздумнасць, гэта штосьці труднае ёй прычыніў ён, Іван. А Іван, наадварот, чамусьці пазбыўся ўсіх сваіх ранейшых трывог і на гэтым лугавым прыволлі проста акрыяў душой. Яму было добра з ёй і хацелася развеяць яе клопат, убачыць яе ранейшай — вясёлай, рызыкоўнай, даверлівай. Мусіць, трэба было б улагодзіць яе, супакоіць, толькі Іван не мог пераступіць нейкую мяжу між імі, хоць і хацеў таго. Нешта няўрымсліва зваблівае ажывала ў ім да дзяўчыны і ў той жа час стрымлівалася, вагалася, пакутна марудзіла.

Памыўшыся, ён набраў у прыгаршчы вады і здалёк размашыста пырснуў на яе — Джулія зноў здрыганулася, няўцямна зірнула на яго і зараз жа заўсміхалася на жарт. Ён таксама ўсміхнуўся нязвыкла, на ўвесь свой шырокі, абкладзены кучаравай бародкай твар.

— Спалохалася?

— Нон.

— А чаго задумалася?

— Так.

— Што гэта — так?

— Так, — пакорліва сказала яна. — Іван так, Джулія так.

Нягледзячы на нешта нялёгкае ў сваёй душы, яна ахвотна паддавалася яго жартаўлівасці і, жмурачы вочы, усмешыста глядзела, як ён, пакідаючы на жвіры мокрыя сляды босых ног, валюхаста выходзіў да яе на траву.

— Хутка ты вучышся па-нашаму, — сказаў ён, прыпамінаючы нядаўнюю іх размову— Здольная, відаць, была ў школе.

— О, я біль вундэркінд, — жартоўна сказала яна і раптам схамянулася. На яе твары мільгануў спалох. — Ой, санта мадонна: ільсангвэ!

— Што?

— Ільсангвэ! Кров! Кров!

Ён нагнуўся, зірнуў, куды глядзела яна, — на мокрай ягонай галёнцы поўз ад калена вузенькі струменьчык крыві. Іван адразу здагадаўся — гэта адкрылася рана, тая, ад сабакі; нічога страшнага, дагэтуль ён нават не знайшоў калі паглядзець яе; цяпер сеў ля дзяўчыны і вышэй загарнуў штаніну. Сапраўды, над каленам нага была здорава раздрапана сабачым кіпцюром і, мусіць, у вадзе раскрывянілася. Джулія спалохана памкнулася да яго, нібы гэта была бог ведае якая рана, завохкала, замітусілася.