Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 4

Васіль Быкаў

Яны абодва ашалелымі вачыма сачылі адзін за адным, баючыся прапусціць адзін у другога першае жаданне скочыць. Іван да таго ж вельмі баяўся, што вось-вось з’явяцца немцы, і гэтыя некалькі секунд здаліся яму вечнасцю. Пасля ён падумаў, што ваўкадаў наўрад ці кінецца на яго, і нерашуча падняўся на ногі. Не адрываючы ад ворага пільнага позірку, ён сігануў убок і схапіў з травы кавалак каменя. Ваўкадаў натапырыў хрыбціну, ударыў па зямлі хвастом, здалося, скокне, але ўсё ж не скочыў, — відаць, яму дасталося не менш, чым чалавеку, і ён ціхенька, бяссільна екатаў. Тады Іван болей рашуча ступіў назад яшчэ раз, ваўкадаў прыўзняўся, пасунуўся, почапка яго заварушылася ў траве. Аднак ён не пабег і не скочыў. Іван, бачачы гэта, яшчэ больш асмялеў і бокам хутка пасігаў угору да яліны, дзе быў пісталет.

Сабака заскавытаў ад бяссільнай ярасці, валочачы пакалечаны зад, аслабела прапоўз у траве і спыніўся. А чалавек ухапіў з травы браўнінг і зморана, наколькі дазваляла рэшта яго сіл, патрухаў па распадку ўгору, у яловы гушчар.

2

Яшчэ праз якіх пяць хвілін ён быў ужо ў лесе і бег уздоўж вірлівага, з празрыстай вадой, ручая. Лес тут быў чысты, без ламачча, бегчы, аднак, перашкаджалі частыя абломкі скал. Пад’ём таксама станавіўся ўсё болей круты і хутка забіраў сілы. Чакаючы і баючыся новай пагоні, Іван ускочыў быў у ручай, каб схаваць ад аўчарак след. Вада ледзяным холадам пругка ўдарыла ў ногі, да болю апякла ступні, і ён, прабегшы якіх дваццаць крокаў, выскачыў зноў на бераг. Ускарабкаўся на скальную кручу, тузануў, перазараджаючы, пісталет, — затвор выкінуў на камяні перакошаны патрон. Іван сагнуўся падняць яго і раптам абмёр — праз гаманлівае булькатанне ручая ззаду данеслася гамонка. Забыўшыся на патрон, ён таропка кінуўся ўгору, крышку ў бок ад ручая, на схіл распадка, пралез цераз гушчар маладога ельніку і, ледзьве спраўляючыся з дыханнем, апусціўся на чацвярэнькі.

Спачатку яму здалося, што скрозь было ціха, толькі зводдаль вуркатаў ручай ды шумелі верхавіны елак. Гэта падзьмуў фён, і ў небе з-за гор выплыў ускудлачаны акраек хмары — хутка насоўваўся дождж. Іван насцярожанымі вачыма агледзеўся па баках, аббег позіркам каменне пад елкамі ўнізе — быццам нідзе нікога. Ён ужо хацеў бегчы далей, як ззаду да яго слыху даляцеў трошкі сцішаны, але настойлівы вокліч:

— Руссо!

Іван хіснуўся ніжэй, угнуў голаў — не, то быў не немец, а мусіць, які гефтлінг. Але не хапала яшчэ клопатаў чакаць каго, тут хоць бы як выкарабкацца самому: ведаў з уласнага вопыту, як гэта трудна. Немцы, мусіць, паднялі ўжо трывогу і даганяюць — не так гэта проста ўцячы.

I ён з усяе сілы пабег, пакарабкаўся між камянёў і елак угору, наўкос па горным лясістым схіле. Ручай застаўся недзе ўбаку, гоман яго прыціх; мацней і выразней сталі шумець яліны; свежы вецер размашыста гойдаў іх верхавінамі; сонца схавалася; змаркатнелае неба ўсё далей і шырэй абкладвала мутная хмара. Было душна, куртка на спіне прамокла ад поту, паласаты берэт ён недзе згубіў і твар выціраў рукамі, увесь час сочачы за наваколлем і ўслухоўваючыся. Аднаго разу, пераводзячы дыханне, ён пачуў далёкае яшчэ, але настойлівае вуркатанне матацыклаў: тут недзе праходзіла дарога, і немцы, вядома, ужо ачаплялі раён. Ахоплены панылым прадчуваннем, Іван услухоўваўся, мяркуючы, як уцякаць далей, і ў той жа час па нейкім невыразным гуку адчуў, што ззаду хтосьці бяжыць. Гэта ўжо было дрэнна: можа, той зусім не гефтлінг, а немец! Іван адскочыў за імшысты камель елкі і шчоўкнуў ахоўнікам браўнінга. Тым часам матацыклы з усё большым трэскатам набліжаліся. «Абкладваюць, сволачы…» — мільганула думка. Іван азірнуўся, апусціўся за елкай на адно калена і прыўзняў сціснуты ў кулаку пісталет. Зноў унізе стукнулі па камянях крокі. Ён угледзеўся, зусім пэўна адчуваючы ў гушчары месца, дзе з’явіцца чалавек. Але нейкі час ніхто там не паказваўся, і Іван напружана чакаў. Урэшце на прагалак між дрэў унізе выбегла лёгкая паласатая постаць на выгляд быццам падлетка, азірнулася, жвава неяк кінула позірк угору і згледзела яго.