Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 51

Васіль Быкаў

Ён, аднак, быў зусім іншы: раптам насупіўся, збянтэжыўся, бо за якіх паўхвіліны, стоячы так, адчуў, як нешта ў ім рушыцца, штосьці траціцца, як нейкая нязнаная, новая сіла падпарадкоўвае сабе ягоную волю. У той жа час ён невыразна яшчэ пачаў разумець, што трэба не паддавацца, супраціўляцца, адстаяць сябе. Зноў жа яе такі рашучы бяздумны наскок збянтэжыў яго, падумалася: «Нашто так? Як гэта яна так? Чаму? Што гэта ў яе — радасць, парыў?.. А можа?..»

Хмуры і збянтэжаны, ён, аднак, зрабіў крок да яе. Джулія раптам абарвала смех і ўскочыла насустрач.

— Іван! — пляснула яна ў далоні, убачыўшы кветкі ў яго руках. — Это ест сюрпріз сіньоріна? Да? Да?

Ён і сам толькі цяпер заўважыў у сваёй руцэ пук маку, няўцямна зірнуў на яго і засмяяўся. Яна таксама засмяялася, панюхала кветкі, утапіўшы ў букет увесь свой маленькі зграбны тварык. Затым паклала букет на траву і хутка-хутка пачала рваць ля сябе мак.

— Джулія блягодаріт Іван. Блягодаріт — очен, очен…

— Не трэба, што ты! — ніякавата загаварыў ён.

— Очен, очен блягодаріт надо. Іван спасат сіньоріну. Руссо спасат італьяно. Ето есть інтернаціонале. Братство, — напаўжартоўна гаманіла яна, усё рвучы і рвучы мак. Пасля з цэлым ахапкам яго падбегла да Івана і вываліла ўсё з сваіх рук яму на грудзі.

— Ну што ты! — здзівіўся ён. — Навошта?!

— Надо! Надо! — смешна вымаўляючы рускія словы, угаворвала яна, і ён вымушан быў ашчаперыць разам з ахапкам маку і скуранку з загорнутым у ёй хлебам. Яна, мусіць, навобмацак адчула ў скуранцы буханачку і раптам пасур’ёзнела.

— Хляб?

— Ага, давай паямо, — ажывіўся ад свае няёмкасці Іван, паклаў усё ў дол і сеў сам.

Яна хуценька прысела побач.

16

— З’есці б усё зараз, — сказаў Іван, трымаючы ў руцэ ўсохлы, з кілаграм вагой кавалак хлеба — абкрышаны па краях, счарсцвелы, аднак усё яшчэ такі апетытны і жаданы, што абое, гледзячы на яго, ледзьве ўпраўляліся глытаць сліну.

— Асё, асё, — як рэха, згодна азвалася Джулія, таксама не зводзячы з буханачкі позірку.

Іван у кароценькай нерашучасці зірнуў па-над яе галавой на далёкі заснежаны хрыбет і ўздыхнуў:

— Не. Усё нельга.

— Нелга. Но?

— Но.

Яна зразумела і таксама ўздыхнула, а Іван разаслаў у доле скуранку і паклаў на яе гэтую іх болей чым малую рэштку прыпасу. Трэба было зрабіць немалаважнае — адмераць пароўну дзве пайкі і прытым найменш раскрышыць, бо без нажа разрэзаць не было чым.

I ён старанна разломваў хлеб, раскладваючы кавалачкі на дзве часткі і ўвесь час адчуваючы побач галодную нястрыманасць Джуліі. У душы яго ўсё бруіла новае пачуццё да яе — нешта не то братняе, не то бацькоўскае. Добрае і вялікае, яно поўніла яго спагадаю да яе — такой па-дзіцячы непрызвычаенай да вялікіх нягод вайны і такой бяздумна-рашучай у сваім амаль што падсвядомым, нібы ў птушкі, імкненні да волі.