Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 2

Васіль Быкаў

Стрымліваючы шалёны дых, Іван услухаўся. Ззаду даносіліся крыкі і стрэлы, сталі гучней екатаць аўчаркі, але гэта там, на заводзе, — за ім жа, здаецца, не гналіся. Рукавом паласатае курткі ён ацёр з твару пот, што заліваў вочы, прыўзняўся, намячаючы па лужку шлях угору; непадалёк прыкмеціў раўчук, што бліжэй падступаў да гарадка, туды ж па крутым схіле збягалі зверху рэдкія на ўзлеску ялінкі. I ён ускочыў.

Гэта было вельмі трудна, бо ногі сталі надзвычай непадатлівыя і вялыя, а цела налівалася ўсё большым цяжарам. На сярэдзіне схілу ён зноў азірнуўся. Сабачы брэх набліжаўся, секанула блізкая чарга, але куль ён не пачуў — значыць, яшчэ не па ім. Па іншых. Відаць, там разбягаліся. Гэта аблягчала яго становішча, і ён упершыню падумаў пра хлопцаў. I першы раз балюча здрыганулася яго сэрца: наўрад ці ўцалеў хто, — мабыць, усе заплацілі сабой за яго волю.

Ён аслабела трухаў цераз узгорак. Ззаду як на далоні відзён стаў увесь гэты аўстрыйскі гарадок, пярэднюю палову якога займалі доўгія, быццам ангары, гмахі завода, у якіх сям-там чарнела правалле і руіны ад бамбёжак; даўжэзная загародка-сцяна ў адным месцы была абрушана, ля яе ў канцы корпуса тырчалі пакарэжаныя фермы перакрыцця. I там, відаць было, снаваліу мітусіліся людзі. Ён прыгнуўся (ужо, калі ўкленчыць у траве, можна было схавацца за пагоркам) і так хвілін некалькі бег уніз, у раўчук, пакуль урэшце, затулены пагоркам, не выпрастаўся. Побач на касагорыне стаяў лес.

Аціраючы рукавамі твар, ён прыпыніў бег — далей шлях яго пралягаў па схіле травяністага раўка-распадка. Пад’ём тут зрабіўся яшчэ болын стромкі, побач між слізкіх камянёў шумна віраваў ручай. Іван шпарка ішоў, пакуль не дасяг першых рэдкіх ялін, і тады ззаду данёсся вельмі пабліжэлы сабачы брэх. Здавалася, гэта было зусім блізка, за пагоркам, і ён зноў знясілена пабег угору. Хоць бы як-небудзь паспець да лесу, у гушчар елак, там лягчэй схавацца, можна б як ашукаць даганятых або, калі ўжо не суджана вырвацца на волю, загінуць недарма.

Толькі дабегчы да лесу Іван не паспеў.

Ён лез па траве ўгору, мінаючы вялікія і малыя абломкі скал з рассыпанай навокал жарствою, і ўжо амаль дасягнуў хваёвага ўзлеску, як ззаду, вынырнуўшы з-за пагорка, гучна і раз’юшана забрахалі сабакі. Іван кінуўся ўбок, да маладой ялінкі, і, прыгнуўшыся, выглянуў між галін: цераз бугор, мільгаючы ў траве палавою спіной, па ягоных слядах імчалася аўчарка. Недзе за ёй хрыпата гаўкала другая; немцаў, аднак, не было відаць.

Тады ён азірнуўся, зразумеў, што да гушчару ўжо не паспець, шырэй расставіў ногі і мацней сцяў у кулаку пісталет. Колькі ў магазіне было патронаў, ён не ведаў, лічыць іх цяпер не было калі, хоць ён і разумеў, што ў патронах яго паратунак. I ён на хвіліну расслабіў мускулы, стараючыся раўней дыхаць. Трэба было супакоіцца, сабрацца з сілаю, суняць сэрца ў грудзях, каб ударыць без промаху.