Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 33

Васіль Быкаў

Той, затрымаўшыся за скалу, спыніўся, азірнуўся, здалося, нават падумаў, і неўзабаве праз вецер данёсся ягоны голас:

— Нікс… Ду шіссен! Іх бешайнэ гестапо!..

I зноў падаўся ўніз.

— Ідзі ты к д’яблу! Нікс шыссен! На вось… На!

Іван сапраўды адламаў ад буханачкі кавалак і падняў яго ў руцэ, каб вар’ят убачыў. Джулія, стоячы побач, скаланалася ад холаду і занепакоена пазірала на гефтлінга. А той пастаяў крыху, потым апусціўся на выступ скалы. Да іх ён падыходзіць баяўся.

— Ах так, сабака! — закрычаў Іван, страціўшы цярпенне. — Ну і чорт з табой! Ідзі ў гестапа! Ідзі!!!

— Іван, нон гестапо! Нон, Іван! — затармашыла яго за рукаў Джулія. — Дать нэмножко хляб! Нон гестапо…

— Чорта з два яму хлеб. Хай ідзе.

— Он плёхой гефтлінг. Он кранк. Он гестапо…

Хлопец не адказаў, паклаў за пазуху палову буханачкі, пісталет і пайшоў да ранейшага месца ўгору. Джулія моўчкі ішла побач. Ён адчуваў, што так абыходзіцца з гэтым вар’ятам было небяспечна, але цяпер ён ужо не мог саступіць яму — злосная зацятасць аказалася мацнейшаю за асцярогу. Джулія ўсё азіралася, аднак на іх наляцела імгла, і апроч шэрага нагрувашчання скал навокал нічога не стала відаць — на ўсёй далечыні ўнізе і па баках імчаў, клубіўся, ірваўся золкі імклівы туман. Невядома было, ці гефтлінг сядзеў там, ці, можа, сапраўды вярнуўся назад. Заўважыўшы на твары дзяўчыны трывожны клопат, Іван зазначыў:

— Нікуды ён не пойдзе. Брэша ўсё.

Ён супакойваў яе, але да самога спакой не прыходзіў. Чорт ведае ад каго толькі залежыць жыццё чалавека? Дзе ж гэта справядлівасць? Вар’ят, а вось выжыў, прарваўся ў горы, выкруціўся з аблавы, уцёк з-пад куль… А колькі самых найлепшых хлопцаў палегла ў лагеры?

Сапраўды ўспомніш пра справядлівасць, на якую такая скупая стала зямля.

Яны ўжо выправіліся былі ў шлях, у абход вялізнага слаістага выступа, як Іван азірнуўся і палез у прарэху курткі. Джулія таксама паглядзела назад, але вар’ята нідзе не было. I ўсё ж Іван дастаў кавалак, вярнуўся і, пашукаўшы здатную мясціну, паклаў яго на камень, дзе яны нядаўна сядзелі.

— Ладна. Чорт з ім, гадам! Няхай падавіцца! — нібы апраўдваючыся, сам сабе прабубніў хлопец.

Джулія згодна маўчала.

11

Вецер усё гааў і гнаў бясконцыя космы туману, куртка на Іване стала волкай, зябкая дрыгота скаланала спіну. Ён усё азіраўся, пачынаючы ўжо сумнявацца, ці знойдзе скарынку вар’ят. З’явілася нават жаданне вярнуцца, забраць, з’есці яе самому, і, каб як адкараскацца ад надакучлівых думак, ён хутчэй засігаў далей ад гэтага месца.

Неўзабаве яны абышлі слаёны гіганцкі выступ, што, нібы акамянелы птушыны хвост, тырчаў у небе, узлезлі вышэй, і тады раптам туманнае воблака каля іх разарвалася, неяк быццам асела. Яны ўбачылі вышэй ад сябе голы, круты камяністы масіў і зусім побач на схіле сцежку. Яна бегла не ўніз і не ўгору, а асцярожна між камянёў прабілася наўскос па схіле. Была яна не дужа прыкметная ў гэтым хаосе скал, але ўсё ж абое ўраз заўважылі яе і прыемна здзівіліся.

Іван першы ступіў на яе, азірнуўся ўніз — там між пасмаў туману таксама мільгалі змрочныя скалы, правалы, між іх дзе-нідзе праплывала шызая далячынь. Угары ж, у высокім прысмужаным небе, гарэў асветлены сонцам пярэсты, густа аснежаны хрыбет. Праўда, калі хлопец прыгледзеўся, дык аказалася, што хрыбтоў там аж два: дальні — магутны і шырокі, падобны на сівую нерухомую мядзведзеву спіну, і бліжні — зубчасты, трошкі прысыпаны снегам, які крайняю сваёй вяршыняй з седлавінай ля боку ўпіраўся ў самае неба. Гэтая вяршыня і здавалася адсюль найболыдай, але Іван ужо ведаў такое ашуканства гор, калі самая бліжэйшая з іх здаецца і самаю высокай. Відаць, усё ж галоўны тут быў той дальні мядзведжы хрыбет, думалася, што за ім ужо жаданая мэта іхніх уцёкаў — партызанскі Трыест.