Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 28

Васіль Быкаў

Але перайначваць намер не было калі — на двары затупалі боты, і ён задам таропка сунуўся ў смярдзючую вузкую дзірку падпечча, зараз жа прытуліўся к боку за выступ, прыціснуўся, сцяўся. У сенцы ўжо ўваходзілі людзі. Толькі ён справіўся зацяць дыханне, як адразу данесліся галасы: то былі немцы, двое ці болей. Гаспадар не разумеў іх або, можа, не хацеў разумець, Іван жа ўсё чуў, і перакладчыка яму не трэба было.

— Вэр іст? Вэр ляўфт? — крычаў адзін немец.

— Ін дызэм аўгенблік, іх габе гезэен, — гаварыў другі.

— Паночкі, нэ розумію. У мэнэ нікога нэма. Што вы!

У Івана трошкі абмякла напятае яго адчуванне — значыць, гаспадар свой, не выдасць, дзякуй Богу, у гэтым хоць пашэнціла. Цяпер толькі б затаіцца, забіцца ў самы цёмны закутак, каб не знайшлі. I ён ціснуўся да сцяны што было сілы, скурчыўшыся ў тры пагібелі і амаль што не дыхаючы. Тым часам немцы закрычалі мацней, вылаяліся, заплакалі малыя на покуце. Аднекуль, мабыць, з печы, тупнуўшы па падлозе, да іх кінулася жанчына, пачала супакойваць. Хтось, убеппы ў хату, лязгнуў затворам вінтоўкі; у падпеччы мільгануў цень. Галасней закрычалі малыя, загрукалі тапчаны — мусіць, раскідвалі іх пасцелі. Іван чакаў, трымаючы руку на рукаятцы аўтамата, хоць не ведаў, як тут было страляць. Немцы грукалі ботамі, пэўна, зазірнулі на печ, бразнулі засланкай, і тут жа прамень ліхтарыка мільгнуў па задняй сценцы падпечча. Іван аж прыжмурыўся, чакаючы крыку «гераўскрыхен!». Але праменьчык быў слабаваты (мусіць, разрадзілася батарэйка), немцы нічога не ўбачылі, і боты загрукалі далей. Неўзабаве крокі прыціхлі: напэўна, шукалі ў сенцах. Тады ён, усё яшчэ не варушачыся, выдыхнуў і зноў паціху ўздыхнуў, азадачаны надзеяй: няўжо ўратаваўся? I сапраўды, крокі зусім сціхлі — адно толькі хліпалі ля печы дзеці, і маці, тупаючы босымі пятамі, кідалася, відаць, да акон — нямецкая гамонка чулася ўжо з падворка. Там штосьці гаварыў гаспадар, напэўна, выправаджваючы іх далей ад хаты. I сапраўды, неўзабаве ўсё сціхла, гаспадар, мусіць, увайшоў у сенцы, да яго падалася жонка. Яна нешта хутка-хутка гаманіла, бядуючы і ледзьве не плачучы. Гаспадар злосна кінуў ёй: «Годзе! Змоўкні!» Яна змоўкла, вярнулася ў хату і засакатала да дзяцей.