Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 26

Васіль Быкаў

Усё смеючыся вачыма, яна падышла ззаду да Івана і лёгенька кранулася далоняй ягонай худой лапаткі. Адчуўшы яе нечаканую ласкавасць, ён ніякавата варухнуў плячамі.

— Ладна ты, — буркнуў ён і памкнуўся сігануць шырэй, але ў гэты час ззаду раскаціста грымнуў далёкі вінтовачны стрэл.

Яны абое ўраз азірнуліся і застылі на камені — унізе, недзе каля сялібы, пачуліся крыкі, зараз жа затрашчалі «шмайсеры» — над цяснінай загуло, закалацілася рэха. Іван сцяўся, стаіўся — у гэтай раптоўнай калатнечы ён з усяе сілы ўслухоўваўся, ці не пачуецца там знаёмы ненавісны брэх, — ад гэтага цяпер залежала жыццё. Але брэху быццам не было. Кулі ў расселіну не заляталі, чэргі джгалі недзе ўбаку, і гэта трошкі здзіўляла Івана. З паўхвіліны ён паўслухоўваўся, пасля раптам у яго галаве мільганула здагадка, і хлопец, струхнуўшы з сябе змярцвеласць, кінуў пад ногі дзяўчыне скуранку, а сам па выступах і трэшчынах у скале, хапаючыся за кустоўе, таропка палез угору.

Чэргі ўсё трашчалі, шыпелі, скыгалі ўгары кулі, у гуле страляніны данёсся далёкі трэск матацыклаў. Джулія, задраўшы галаву, напружана слухала і сачыла за Іванам, які карабкаўся ўжо ледзьве не на палавіне крутой стромкай сцяны. Азірнуўшыся на выхад з расселіны, ён пралез яшчэ крыху і тады, угнуўшы голаў, абмёр, убачыўшы ўдалечыні сялібу і немцаў. Джулія ўнізе, відаць, здагадалася, што ён бачыць, ямчэй перахапіла скуранку, скінула клумпес і нешта крыкнула. Але ён, нібыта прыліпшы да скалы, не мог адарвацца ад незвычайнага відовішча, краёчак якога адкрыўся яму з гэтай вышыні.

У рэдкім ельніку па-над сядзібай круціліся ў траве тры матацыклы, кулямёты якіх таропка білі ўгору. Недзе, відаць, спрабуючы прарвацца да скал, трашчала яшчэ некалькі матацыклаў, але іх не было бачна за выступам скалы. Было толькі відавочна, што агонь і ўсю сваю ўвагу немцы скіравалі ў бок ад гэтай расселіны; імпэт іхняга агню сведчыў аб тым, што яны бачылі цэль. Тоячы ў сабе пэўную думку-здагадку наконт гэтага, Іван пасунуўся крыху ўбок на скале, хаваючыся за выступ, узлез вышэй і тады сапраўды ўбачыў тое, што канчаткова яму ўсё растлумачыла.

Знізу штосьці казала Джулія, але ён не слухаў яе, — учапіўшыся пальцамі ў каменны выступ, ён глядзеў, як па схіле да скальнай сцяны, шырока сігаючы галянастымі нагамі, бег чалавек у паласатым. Наўкола яго блізка і далёка пылілі-трэскаліся кулі. Гефтлінг падаў, але затым ускокваў і зноў бег, каб праз некалькі секунд упасці. За ім, праўда, далекавата, каля сялібы, пакінуўшы два матацыклы, трухалі ўгору немцы, а іншыя з месца цераз іх галовы білі з кулямётаў. Агонь быў надта густы і дружны, і ўсё ж гефтлінг бег. Часам ён коратка азіраўся і, здавалася, нават штосьці крычаў, пасля падаў, і Іван кожны раз думаў: не ўстане. Ды не. Як толькі крыху слабеў агонь, небарака ўскокваў і бег, бег угору.

— Руссо! Руссо! Что смотріть? Руссо! — нецярпліва тупаючы на камені, дапытвалася знізу Джулія.

Іван моўчкі сачыў за небаракам, баючыся паварушыцца на скале, лічачы, што лёс таго ўжо вырашаны. I сапраўды, той яшчэ раз упаў, амаль дабегшы да скалы, болей яго ўжо не стала відаць, і страляніна адразу сціхла.