Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 27

Васіль Быкаў

У Івана быццам што абарвалася ўсярэдзіне. Ён хуценька падаўся па камянях уніз, несучы з сабою ціхі смутак і кароценькую ўдзячнасць за яшчэ адну непакорную смерць, якая прыкрыла іх у гэтай расколіне. Саскочыўшы ў дол, ён коратка кінуў Джуліі:

— Капут.

— Капут? — шырока раскрыўшы вочы, не зразумела дзяўчына.

— Кампаніё твой.

— Кранк гефтлінг?

— Ну.

— Ой, ой!

Ён выхапіў у яе, збянтэжанай, сваю скуранку, яна моўчкі хуценька падабрала калодкі, і яны абое кінуліся па камянях угору.

9

Яны не здолелі прайсці таемна, адкрылі сябе, ззаду застаўся сведка, і непакой з новаю сілай агарнуў хлопца — выдасць аўстрыяк ці не?

З свайго якога-ніякага вопыту трох уцёкаў ён ведаў, што вось гэткія абставіны былі для ўцекачоў найболыл рызыкоўныя. Нідзе — ні ў полі, ні ў гарах, ні на дарозе — не падпільноўвала іх такая небяспека трапіць у пастку, як тады, калі яны заходзілі ў вёскі, сялібы, на хутары, калі сустракаліся з людзьмі. Так здаралася, што выдавалі нават і недаверлівых, нават і асцярожныя нарываліся на засады. Так часта канчаліся вельмі цяжкія шляхі на волю і пачыналіся другія, яшчэ больш пакутныя — назад, на захад, у палон. Але і зусім мінаваць людзей было немагчыма — трэба было карміцца, распытаць пра дарогу, пераапрануцца. Гарантыі ад здрады ніколі не было, і ўцекачы часта спадзяваліся на шчаслівы выпадак, на людскасць. Часта так і абыходзілася. Але не заўсёды.

Год назад ён таксама спадзяваўся на тое, што ўсё як-небудзь абыдзецца, як абыходзілася ўжо трыццаць два дні, — чацвёра іх даволі ўдала міналі засады, пераплывалі рэкі, абыходзілі вёскі, пазбягалі сустрэч з паліцаямі, два разы ўцякалі ад пагоні. Аднойчы, праўда, яны згубілі чацвёртага, масквіча-танкіста Валерыя. Астатніх жа як-колечы мінула ўсякае ліха: яны дабраліся да сваёй зямлі, да Валыні. Наўкола ляжалі ўкраінскія сёлы, у полі на конях і валах аралі свае палоскі сяляне. Бралася на цяпло — ужо можна было, не дужа калеючы, начаваць у лясах і без лішняй патрэбы не патыкацца ў вёскі. Каб толькі не харч! Харч прымушаў іх часам заходзіць у паселішчы, і ў тое ранне, пакінуўшы сяброў на ўзлеску, у сяло пайшоў Іван. Напярэдадні хадзілі іншыя, цяпер падступіла яго чарга.

Ён крышку прыпазніўся выйсці з лесу, праз які пакручастай дарожкай яны ішлі ноч. Трэба было дняваць, і дужа не хацелася зашывацца дзе на пусты жывот. Добра ўгледзеўшыся ў сяльцо з узлеску, ён нічога падазронага ў ім не заўважыў; вялікай дарогі паблізу, здавалася, не было, і ён цераз балацявіну, трымаючыся бліжэй да кустоў, рушыў да крайняе хаты. У яго быў пад палой нямецкі аўтамат з дванаццаццю патронамі ў магазіне, здабыты на дарозе пад Кракавам, армейскія боты на нагах і на плячах нейкая несамавітая сялянская світка. З выгляду ён нагадваў звычайнага селяніна, такога, як і ўсе тут, і без перашкод дайшоў да гародаў, потым па бакавой дарожцы ад гумна, што вяла між плятнёў, скіраваў да бліжняе хаты. Але хата стаяла па той бок вуліцы. Ён азірнуўся: паблізу нікога не было, толькі дзесь у двары рыпнулі дзверы і замычала карова, — мусіць, гаспадыня ішла даіць. Але не паспеў ён пераскочыць аблеглы з ночы, пакроплены расой пыл на дарозе, як з суседняга двара хтось выйшаў на вуліцу. Іван не азірнуўся, аднак, здаецца, патыліцай адчуў, што той заўважыў яго. Хлопец утуліў голаў і таропка шыбануў у падворак. Толысі ўжо хаваючыся за вугал дома, азірнуўся — чалавека таго не ўбачыў, затое згледзеў у двары цераз вуліцу вялізны брызентавы кузаў машыны. Гэта было куды як няўдала, тым болей што з двара ўжо крыкнулі — не то загадвалі нешта яму, не то перасцерагалі каго другога. Дзецца Івану не было куды (за хатай пачынаўся шырокі забаранаваны гарод), і ён кінуўся да расчыненых у сенцы дзвярэй. У дзвярах тых якраз паказаўся няголены, сярэдніх год чалавек. Ён, пэўна, зразумеў усё без слоў, бо пабялеў крыху, зірнуў на Іванаў аўтамат, што тырчаў з-пад палы, і адступіў да шула, даючы дарогу ў хату. Іван, таксама без слоў, ускочыў у чысценькія, прыбраныя сенцы з прыцярушанай аерам падлогай, зыркнуў сюды-туды вачыма, шукаючы якога сховішча, і, не знайшоўшы нічога прыдатнага, праз расчыненыя дзверы кінуўся ў другі пакой, дзе была печ. Ён згледзеў у ёй чорную дзірку падпечча, прыпаў на калені, коратка азірнуўся на акно, пад якім на лаўках у покуце з-пад паласатае саматканае коўдры высоўваліся тры пары дзіцячых ног. Кепскае прадчуванне разанула яго — не, не туды трапіў.